Белорусский портал в Казахстане

КДБ паведаміў пра затрыманне групы чыноўнікаў і банкаўскіх работнікаў



Аб гэтым паведаміў начальнік прэс-службы КДБ Дзмітрый Пабяржын.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі "выявіў маштабныя карупцыйныя схемы, арганізаваныя работнікамі СЗАТ "БелАВМ" на чале з генеральным дырэктарам Дзмітрыем Роніным, у якія былі ўцягнутыя прадстаўнікі дзяржаўных органаў".

15 снежня пры атрыманні хабару ад Роніна у 20 тыс. долараў ЗША на месцы злачынства была затрыманая кіраўнік Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Людміла Бачыла. Незаконнае грашовае ўзнагароджанне перадавалася за садзейнічанне ў прызнанні СЗАТ "БелАВМ" пераможцам аўкцыёну па закупцы абсталявання для патрэбаў фонду. У дачыненні да Бачылы распачатая справа паводле прыкмет складу злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару), у дачыненні да Роніна — паводле ч. 2 арт. 431 КК (даванне хабару).

Затрымалі таксама намесніка генеральнага дырэктара ЗАТ "БелАВМ" Мікалая Рамановіча (супольнік у перадачы хабару Бачыле), супрацоўніка СЗАТ Леаніда Гарбачэўскага і начальніка упраўлення інфарматызацыі ФСАН Віталя Старавойтава, адказнага за падрыхтоўку конкурсных дакументаў на закупку сродкаў вылічальнай тэхнікі. Паводле інфармацыі КДБ, гэтыя асобы, знаходзячыся ў злачыннай змове, распрацавалі "патрэбнае" тэхнічнае заданне, якое дазволіла СЗАТ перамагчы ў аўкцыёне. За садзейнічанне Старавойтаў пры пасярэдніцтве Гарбачэўскага атрымаў хабар у 4 тыс. долараў ЗША.

У той жа дзень за карупцыйныя сувязі з СЗАТ "БелАВМ" быў затрыманы старшыня праўлення ААТ "Нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя "Адзіная разлікова-інфармацыйная прастора" (АРІП) Алег Верамейчык (раней — начальнік галоўнага ўпраўлення АРІП НБ Беларусі). У ліпені 2016 года ён атрымаў ад Роніна 9 тыс. долараў ЗША, а ў лістападзе — 6.400 еўра за садзейнічанне ў арганізацыі і правядзенні ў інтарэсах "БелАВМ" "дамоўнага" тэндару на пастаўку абсталявання прыкладна на 28 мільярдаў недэнамінаваных рублёў.

Затрыманыя начальнік галоўнага ўпраўлення валютна-фінансавага маніторынгу Нацыянальнага банка Беларусі Анатоль Мароз і яго намеснік Кацярына Паўлоўская. Задакументаваныя тры эпізоды атрымання Марозам ад Роніна хабару ў суме не меншай за 13 тыс. долараў ЗША за выбар СЗАТ "БелАВМ" у якасці пастаўшчыка абсталявання, а таксама факт яго пасрэдніцтва пры атрыманні хабару Паўлоўскай.

Па ўсіх пералічаных фактах распачатыя крымінальныя справы. Затрыманыя заключаныя пад варту.

Сумеснае ЗАТ "БелАВМ" існуе больш за 20 гадоў, з`яўляецца адным з лідараў беларускага рынку кампаній сістэмных інтэгратараў і партнёрам больш як 10 вядучых прадпрыемстваў ІТ-індустрыі.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 20 снежня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/662/38051
Текущая дата: 25.12.2024