Белорусский портал в Казахстане

Гісторыка-мастацкі праект "Сем таямніц Беларусі" прэтэндуе на статус візітнай карткі краіны



Такое меркаванне выказаў генеральны дырэктар Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў Аляксандр Касоўскі.

Паводле слоў Аляксандра Касоўскага, асаблівасць праекта заключаецца ў тым, што на працягу 50 мінут гледачы могуць акунуцца ў гісторыю, культуру, традыцыі Беларусі.

"Аўтары пастараліся паказаць, чым славіцца наша краіна, а менавіта: традыцыі, культуру, гісторыю, абрады і, вядома ж, нашых людзей. Праект стартуе ў Палацы культуры прафсаюзаў у цэнтры сталіцы, і спадзяёмся, што ён стане візітнай карткай краіны", - сказаў генеральны дырэктар.



Гледачы змогуць пабываць у розных эпохах. Напрыклад, з часоў Вялікага Княства Літоўскага яны перанясуцца ў нашы дні і наведаюць "Славянскі базар" у Віцебску, які сёння акумулюе традыцыі і народную творчасць беларусаў.

"Сем таямніц Беларусі" - гэта ўнікальная своеасаблівая пастаноўка, якая неверагодным чынам злучае ў сабе адзінства традыцый многіх пакаленняў беларусаў з тэхналагічнасцю сучаснасці.

Прэм`еру "Сем таямніц Беларусі" наведалі 12 снежня прадстаўнікі дзяржаўных структур, дыпламатычных місій, прафсаюзны актыў.

Плануецца, што сумесны гісторыка-мастацкі праект Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў будзе радаваць мінчан і гасцей сталіцы на працягу многіх гадоў.

Як чакаюць арганізатары, гэты праект, падобныя да якога існуюць у многіх іншых краінах свету, атрымае доўгае жыццё і пастаянную прапіску ў Палацы культуры прафсаюзаў. Паказы будуць праходзіць па нядзелях, панядзелках, аўторках.

Як адзначыў у час размовы з журналістамі намеснік дырэктара дэпартамента гуманітарнага супрацоўніцтва агульнапалітычных і сацыяльных праблем Выканаўчага камітэта СНД Размік Хумаран, такія праекты, як мастацка-гістарычны "Сем таямніц Беларусі", знаёмяць замежных гасцей з гісторыяй і культурай краіны.

Паводле яго слоў, супрацоўніцтва ў культурнай сферы з`яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў паміж краінамі. "Якімі б ні былі эканамічныя сувязі, але культурныя - адны з прыярытэтных як ствараючыя масты даверу, дружбы і супрацоўніцтва паміж краінамі", - сказаў Размік Хумаран.

Паводле яго прызнання, як іншаземцу, які жыве і працуе ў Беларусі, яму цікава пазнаваць традыцыі, гісторыю і культуру краіны. Ён імкнецца не прапускаць ніводнай праграмы, дзе расказваецца пра людзей, якія жывуць у Беларусі, і пра краіну.

У сваю чаргу Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Сербіі ў Беларусі Велька Кавачавіч адзначыў, што праграмы, падобныя да гісторыка-мастацкага праекта "Сем таямніц Беларусі", даюць магчымасць пазнаваць самабытнасць нацыі, бачыць веліч культуры краіны. Ён лічыць, што такі праект выкліча вялікую цікавасць у замежных гасцей.

12 снежня 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/663/37970
Текущая дата: 26.12.2024