Белорусский портал в Казахстане

Японская арганістка Хірока Іноўэ выступіць на фестывалі "Званы Сафіі"



Пра гэта паведамілі ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.

Выступленне японскай арганісткі Хірока Іноўэ адбудзецца на XXI Міжнародным фестывалі арганнай музыкі "Званы Сафii" ў Полацку 30 кастрычніка.

Хірока Іноўэ з`яўляецца яркім прадстаўніком новага пакалення акадэмічных выканаўцаў XXI стагоддзя. Лаўрэат міжнародных конкурсаў, салістка Калінінградскай філармоніі на фестывалі ў Полацку будзе выступаць упершыню.

У праграме творы Франсуа Куперэна, Іагана Себасцьяна Баха, Марыса Дзюруфле, Марселя Самуэль-Русо, Габрыэля П`ернэ і іншых. Мерапрыемствы форуму будуць праходзіць у Полацку па 27 лістапада, а канцэрт урачыстага адкрыцця свята арганнай музыкі адбудзецца 4 лістапада.

У гэты дзень у Сафійскім саборы выступіць беларуская музычная капэла "Санорус" (мастацкі кіраўнік - Аляксандр Хумала). У канцэрце слухачам будзе прадстаўлена сачыненне амерыканскага кампазітара Мортэна Лаўрыдсена "Lux Aeterna" (Вечнае Святло). Гэты твор прынёс кампазітару сусветную вядомасць і прэмію "Грэмі" ў 1999 годзе.

Таксама ў праграме фестывалю канцэрт віртуознага арганіста з Германіі Маціяса Якаба, выступленні вядомай палачанкі Ксеніі Пагарэлай, чакаюць на форуме і таленавітага польскага музыканта Гедыміна Грубу. Яго канцэрт 27 лістапада завершыць XXI Міжнародны фестываль арганнай музыкі "Званы Сафіі".

Міжнародны фестываль арганнай музыкі "Званы Сафіі" адкрыўся ў Полацку 15 лістапада 1996 года.

За гісторыю праекта на полацкім фестывалі выступілі музыканты больш як з 20 краін, адбылося больш за 120 фестывальных канцэртаў, на якіх пабывалі больш за 20 тыс. аматараў арганнай музыкі.

24 кастрычніка 2016, Віцебск
Алёна Ціханава - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/671/37369
Текущая дата: 26.12.2024