Белорусский портал в Казахстане

МПЗ накіравала амаль 50 тыс. паведамленняў на выплату збору беларусам, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржрасходаў



Пра гэта паведаміла 26 кастрычніка намеснік міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка ў час брыфінгу.

Міністэрства па падатках і зборах накіравала амаль 50 тыс. паведамленняў на выплату збору беларусам, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў.

 "Паводле апошняй інфармацыі, у адрас падаткаплацельшчыкаў накіравана амаль 50 тыс. паведамленняў на выплату збору. Аднак калі нехта мае права на льготы, але адпаведныя дакументы не прадставіў у падатковыя органы, ён можа прадставіць гэтыя дакументы, пасля чаго будзе прынята рашэнне, выплачвае такі грамадзянін збор ці не", - растлумачыла намеснік міністра.

Святлана Шаўчэнка нагадала, што інфармацыя аб катэгорыях грамадзян, якія вызваляюцца ад выплаты збору, і прыкладнай форме паведамлення аб наяўнасці права на вызваленне ад выплаты збору размешчана на сайце міністэрства ў раздзеле "Збор на фінансаванне дзяржаўных расходаў".

Таксама намеснік міністра расказала, што падатковыя органы прадаўжаюць работу па фарміраванні базы даных плацельшчыкаў збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў за 2015 год. Пры гэтым вызначэнне перыяду ўдзелу грамадзян у фінансаванні дзяржаўных расходаў ажыццяўляецца на падставе звестак, якія маюцца ў дзяржаўных органах і арганізацыях.

"Аднак поўнасцю аўтаматызаваць працэс фарміравання базы даных плацельшчыкаў па аб`ектыўных прычынах не ўяўляецца магчымым, паколькі многія грамадзяне, напрыклад, працуюць за межамі нашай краіны і выплачваюць падаткі на тэрыторыі замежных дзяржаў. Акрамя таго, многія беларускія студэнты вучацца за мяжой, гэтыя даныя таксама не змешчаны ў базах даных нашых дзяржорганаў. І спіс такіх сітуацый можна прадаўжаць", - адзначыла яна.

Пры гэтым Святлана Шаўчэнка падкрэсліла, што галоўная мэта падатковых органаў - самастойна сабраць неабходную інфармацыю аб грамадзянах. "Мы арыентуем нашы органы не адцягваць грамадзяніна ад яго спраў, і толькі калі атрымаць даныя няма магчымасці, удакладняць інфармацыю ў плацельшчыкаў", - канстатавала яна.

Святлана Шаўчэнка звярнула ўвагу, што асноўнай мэтай дэкрэта нумар 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" было стымуляванне працаздольнага насельніцтва да працы і папярэджанне сацыяльнага ўтрыманства.

"Ці дасягнута гэта мэта? Прывяду некалькі прыкладаў. У 2015 годзе пасля прыняцця дэкрэта ў 1,5 раза павялічылася колькасць асоб, якія сталі на ўлік у якасці беспрацоўных. Таксама павялічылася колькасць асоб, якія займаюцца дзейнасцю па заяўным прынцыпе, што не патрабуе рэгістрацыі ў якасці ІП. Павялічылася і колькасць занятых у сферы аграэкатурызму, рамеснікаў. Акрамя таго, у ІП на 22 працэнты павялічылася колькасць наёмных асоб. Мы бачым, што стымуляванне актыўнасці працаздольнага насельніцтва адбылося", - падкрэсліла яна.

Дэкрэт нумар 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" быў прыняты 2 красавіка 2015 года.

26 кастрычніка 2016, Мінск
Святлана Міховіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/671/37414
Текущая дата: 26.12.2024