"Гомелькінавідэапракат" з 1 па 4 верасня правядзе кінаакцыю "Песняры беларускай зямлі", прымеркаваную да Дня беларускага пісьменства, які пройдзе 4 верасня ў Рагачове.
Падчас акцыі ва ўсіх кінатэатрах Гомельскай вобласці пройдуць паказы мастацкіх фільмаў, знятых паводле твораў беларускіх пісьменнікаў, паведаміла вядучы рэдактар КУП "Гомелькінавідэапракат" Святлана Тарасенка.
Сярод фільмаў, якія будуць паказаныя ў дня акцыі, — "Дзікае паляванне караля Стаха" паводле аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча, "Вазьму твой боль" паводле аднайменнага рамана Івана Шамякіна, "Цуда-востраў, або Палескія рабінзоны" паводле аповесці Янкі Маўра "Палескія рабінзоны".
Будуць таксама дэманстравацца хроніка-дакументальныя фільмы пра беларускіх паэтаў і празаікаў. Так, стужка "І кружыцца планета Куляшова" раскажа пра жыццё і творчасць народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, "Пясняр з Нарачанскага краю" — Максіма Танка, "Я — дзяўчынка на шары" — Раісы Баравіковай.
2 верасня ў кінатэатры "Прамень" Рагачова запланаваная творчая сустрэча з адным з вядучых рэжысёраў-мультыплікатараў студыі анімацыйных фільмаў кінастудыі "Беларусьфільм" Аляксандра Ленкіна.
"Ён працуе на "Беларусьфільме" ўжо больш за 30 гадоў, — адзначыла Тарасенка. — За гэты час ён зняў дзясяткі анімацыйных фільмаў, якія неаднаразова ўдастойваліся прызоў міжнародных і нацыянальных фестываляў. Стварэнне мультфільма падобнае чараўніцтву, а прафесія аніматара напоўненая магіяй. Уменне мультыплікатараў ажыўляць карцінкі не раз прымушала гледачоў захапляцца іх працай. У Рагачове рэжысёр прыўзніме заслону таямніцы і правядзе майстар-клас па стварэнні анімацыйнага фільма".
Завершыцца сустрэча паказам мультфільмаў, знятых паводле беларускіх казак.
Алена Германовіч, БелаПАН
Гомель, 28 жніўня 2016
Гомель, 28 жніўня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/672/36721
Текущая дата: 15.11.2024