Белорусский портал в Казахстане

Мабільны аператар абяцае забяспечыць у мінскім метро добрую сувязь



На першым этапе пасажыры змогуць свабодна размаўляць па тэлефоне і карыстацца мабільным інтэрнэтам падчас перамяшчэння паяздоў паміж станцыямі "Малінаўка” і “Пятроўшчына”, а пазней — ва ўсіх тунэлях метро.

Праз некалькі тыдняў у тунэлі на працягу ўсяго перагону паміж станцыямі запрацуюць сеткі адразу двух пакаленняў - GSM і 3G.

Якасць галасавой сувязі будзе такой жа высокай, як і на платформе або на вуліцы. Тое ж самае тычыцца інтэрнэт-доступу -- прапускной здольнасці павінна хапіць для прагляду відэа-ролікаў у сетцы або стасункаў у анлайн-рэжыме.

У кампаніі канстатуюць, што рэалізацыя  гэтага праекта запатрабавала значных інвестыцый -- прыйшлося звярнуцца да дарагіх тэхнічных рашэнняў. Праект называюць шмат у чым сацыяльнай і іміджавай ініцыятывай. Пакрыць сувяззю тунэлі метро значна складаней, чым адкрытую мясцовасць: перапады вышынь і глыбінь, звілістыя шляхі, высокая канцэнтрацыя абанентаў у цягніках. Да таго ж і працаваць у тунэлях метро можна толькі ноччу, калі спыняецца рух  - усяго тры гадзіны ў суткі.

“У некаторых еўрапейскіх сталіцах можна свабодна размаўляць па тэлефоне ў цягніках метро. І Мінск не павінен быць выключэннем”, -  падкрэслівае начальнік упраўлення радыё- і транспартнай сеткі кампаніі Velcom Сяргей Барамыкін.

Для забеспячэння сувязі Velcom пракладае па ўсёй даўжыні тунэлю метрапалітэна спецыяльны кабель. Потым яго падключаць да базавых станцый  2G і 3G. Такое тэхнічнае рашэнне дазваляе дамагчыся раўнамернага пакрыцця ўсяго тунэлю і неабходнага ўзроўню сігналу ў кожнай яго кропцы.

Раней Velcom 3G-забяспечыў сувязь на ўсіх платформах мінскага метро.

nikalaeva@zviazda.
Звязда, 21 чэрвеня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/682/36015
Текущая дата: 15.11.2024