Зараз мантаж корпуса рэактара Беларускай АЭС прыпынены, астатнія работы вядуцца ў штатным рэжыме, паведаміў 1 жніўня намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк.
Паводле яго слоў, рашэнне аб прыпыненні мантажу корпуса прынятае замоўцам і органам рэгулявання адразу пасля няштатнай сітуацыі.
Гаворачы пра далейшае развіццё падзей, Міхадзюк праінфармаваў: "Магчымыя толькі два сцэнарыі: альбо выкарыстанне гэтага корпуса, але пры пацвярджэнні бяспекі матэрыялаў, альбо яго замена. Іншых варыянтаў не можа быць. Аднак зараз слова за спецыялістамі. Мы ў першую чаргу кіруемся неабходнасцю безумоўнай арганізацыі бяспекі АЭС".
У гэты час сітуацыю з корпусам рэактара вывучаюць генеральны канструктар ядзернай устаноўкі АКБ "Гідрапрэс", галоўная матэрыялазнаўчая арганізацыя "Расатама" ЦНДІмаш, генеральны праекціроўшчык "НІАЭП", генпадрадчык "Атамстройэкспарт". Матэрыялы перададзеныя замоўцу — РУП "Беларуская АЭС". Пасля вывучэння яны будуць накіраваныя органу рэгулявання — Дзяржатамнагляду.
"Для нас вельмі важна ўлічваць, што корпус рэактара — гэта адказны элемент ядзернай устаноўкі. Сёння трэба разабрацца, што адбылося, і галоўнае — якія наступствы гэтай няштатнай сітуацыі. Мы разбіраемся, ці было гэта дакрананне, удар, які стан металу", — цытуе Міхадзюка дзяржаўнае агенцтва БелТА.
"Генпадрадчык адзначае, што пашкоджаная афарбоўка корпуса рэактара. Трэба сказаць, што ёсць сляды ад строп. Але мы запатрабавалі больш глыбокі аналіз стану металу і корпуса рэактара. Такія экспертызы расійскім бокам праведзеныя, матэрыялы паводле іх вынікаў нам перададзеныя, але патрэбен час, каб разабрацца і вынесці канчатковы вердыкт", — дадаў ён.
Намеснік міністра энергетыкі запэўніў, што з вынікамі расследавання будзе азнаёмленая грамадскасць.
Міхадзюк таксама заявіў, што Беларусь пры будаўніцтве АЭС адкрытая для міжнародных экспертаў.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 1 жніўня 2016
Мінск, 1 жніўня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/686/36849
Текущая дата: 31.12.2024