Белорусский портал в Казахстане

У Мінску судзяць групу з 17 распаўсюджвальнікаў наркотыкаў



У Мінскім гарадскім судзе пачаўся працэс па абвінавачванні самай вялікай за апошні час групы распаўсюджвальнікаў наркотыкаў.

На лаве падсудных — 17 чалавек, у тым ліку два былыя супрацоўнікі КДБ. Па версіі следства, арганізатар злачыннай групы кантраляваў увесь рынак наркотыкаў і псіхатропаў у Беларусі.

Працэс праходзіць пад старшынствам суддзі Сяргея Хрыпача, дзяржабвінавачанне прадстаўляе пракурор Генеральнай пракуратуры Алег Буйлянкоў. У судовай зале — каля 20 адвакатаў.

Галоўны фігурант па справе — 31-гадовы Канстанцін Вілюга, да арышту быў дырэктарам "ВКМ-груп". Вядома, што ён скончыў журфак БДУ. Некаторы час супрацоўнічаў з газетай "Савецкая Беларусь". "Мерсэдэс" S-класа з нумарнымі знакам 0101, за рулём якога знаходзіўся Вілюга, быў затрыманы байцамі спецпадраздзялення "Алмаз" 4 лістапада 2014 года.

Па версіі следства, у 2011 годзе абвінавачваны запусціў сайт LegalMіnsk, які фігуруе ў многіх крымінальных справах, звязаных з незаконным распаўсюджваннем наркотыкаў. Паводле ацэнкі праваахоўнікаў, пры ўдалых аптовых продажах прыбытак падсуднага дасягаў 7 тысяч долараў за дзень, і гэта — без уліку рознічнага продажу.

Па інфармацыі аператыўнікаў, у Вілюгі ёсць высокапастаўленыя сябры і сваякі. Абвінавачваны любіў дарагія машыны і прызнаваўся, што на дарозе яго машыне "аддавалі гонар" супрацоўнікі ДАІ.

Пры вобшуку ў яго знайшлі пасведчанне члена асацыяцыі па барацьбе з наркотыкамі. Дакумент зламыснік паказваў пры сустрэчы з міліцыянерамі, якім здаваў сваіх канкурэнтаў. Так яму ўдалося падмяць пад сябе ўвесь рынак псіхатропаў у Беларусі. Пазней ён арганізаваў філіялы і ў Расіі.

Адвакат Вілюгі Галіна Раждзественская заявіла, што яе падабаронны не прызнае віну ў распаўсюджванні наркотыкаў. Ён абвінавачваецца ў правапарушэнні, прадугледжаным ч. 4 арт. 328 КК (выраб і распаўсюджванне наркотыкаў арганізаванай групай).

Усяго па справе праходзіць 17 абвінавачваных, сярод якіх — два былыя супрацоўнікі КДБ: старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах цэнтральнага апарата Дзмітрый Вераценскі і старшы оперупаўнаважаны ўпраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці Ігар Карыцкі.

На лаве падсудных таксама дзве дзяўчыны, 1989 і 1991 гадоў нараджэння. Адна з іх — грамадзянка Расійскай Федэрацыі.

Некаторыя з падсудных раней былі асуджаныя на падставе ч. 1 арт. 328 КК (незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў ці аналагаў).

Падчас следства накладзены арышт на 2 млрд. рублёў, прадстаўнічыя аўтамабілі і іншую маёмасць злачыннай арганізацыі.

Адар`я Гуштын, БелаПАН
Мінск, 29 лютага 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/701/34511
Текущая дата: 15.11.2024