Белорусский портал в Казахстане

Знайсці сваё шчасце магчыма на праваслаўным балі моладзі



Раз на год у сталіцы Беларусі маладыя людзі ды дзяўчаты могуць адпаведна нагодзе апрануць смокінгі і бальныя сукенкі — на Мінскі баль праваслаўнай моладзі, які сёлета праходзіў восьмы раз і называўся «Славянскія карункі».

Падчас яго моладзь выходзіла не толькі на класічныя еўрапейскія танцы, але і на «Лявоніху», рускую кадрылю ды ўкраінскую польку. Па словах арганізатараў, гэта не адзінае, чым яны здзіўлялі наведвальнікаў балю. Карэспандэнт «Звязды» распытала ў арганізацыйнага камітэта, адкуль з`явілася сярод веруючых традыцыя праводзіць такога кшталту мерапрыемства, пацікавілася колькі каштуе паўдзельнічаць у ім і ці шмат шанцаў сустрэць другую палавінку падчас кружэння ў вальсе.

— Ідэя праводзіць баль узнікла, вядома ж, менавіта ў асяроддзі праваслаўнай моладзі, — расказвае Анастасія Шчура, прадстаўнік аргкамітэта балю. — Хлопцам і дзяўчатам з мінскага прыхода храма прападобнага Серафіма Сароўскага захацелася арганізаваць прыгожую танцавальную вечарыну, баль у лепшых традыцыях, як у фільме «Адмірал». На першыя імпрэзы запрашалі рабят з іншых прыходаў, і тады баль стаў месцам сустрэчы, своеасаблівай пляцоўкай для знаёмства. Нягледзячы на назву, гэта свецкае мерапрыемства, а назва толькі падкрэслівае тое, што яго арганізатарамі і натхняльнікамі з`яўляецца моладзь з праваслаўных прыходаў.

На сёлетні баль таксама з`язджалася моладзь з абласных цэнтраў Беларусі, Санкт-Пецярбурга і Кіева, нават Вены. Традыцыйна прымаюць удзел курсанты ваенных факультэтаў і ваеннаслужачыя войскаў спецыяльнага прызначэння. Калі казаць пра ўзрост удзельнікаў, то гэта студэнты і працоўная моладзь, хоць на баль часта прыходзяць цэлымі сем`ямі: запрашаюць бацькоў, сяброў, сваякоў, а хтосьці прыходзіць са сваёй «палавінкай».

Баль — справа нятанная. Але ўдзельнікаў з году ў год не меншае. «І рэпетыцыі, і квіток, і бальны ўбор патрабуюць пэўных выдаткаў, — тлумачыць Анастасія Шчура. — На сам баль арганізатары пастараліся зрабіць квіткі максімальна даступнымі — 255 тысяч рублёў для гасцей і 285 — для ўдзельнікаў з улікам таго, што мерапрыемства цалкам на самафінансаванні і не мае спонсараў. Але баль праходзіць раз на год, і, па словах удзельнікаў, на яго варта выдаткаваць грошы».

Падчас імпрэзы ёсць і кранальны момант ушанавання маладых — тых, хто ў мінулым годзе пазнаёміўся на балі і пабраўся шлюбам. Як правіла, штогод іх каля дзесяці пар. Натуральна, у першых з іх ужо ёсць дзеці, і яны прыходзяць на вечарыну разам цэлымі сем`ямі.

Ганна Лукашэвіч згадвае пра тое, як дзякуючы балю сустрэла сваю другую палавінку: « Муж да балю не мае ніякага дачынення і нават не танцор. Здарылася гэта так: на чарговай рэпетыцыі Яўген выпадкова заехаў сустрэцца са сваім сябрам, ну а я ўвесь вечар танцавала з гэтым самым сябрам. Вось так і пазнаёміліся, нават не патанчыўшы! А пасля выпадкова высветлілася, што мы жывём побач. У той цудоўны зімовы вечар Яўген праводзіў мяне дадому, і вось ужо тры гады мы разам! Бралі шлюб у верасні мінулага года ў прысутнасці амаль усёй бальнай браціі. Праўда, мой муж так і не навучыўся танцаваць. Але мы будзем працаваць над гэтай недарэчнасцю...»

Вераніка Пуставіт
pustavit@zviazda.by
Звязда, 3 лютага 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/706/34076
Текущая дата: 15.11.2024