Белорусский портал в Казахстане

У Мінску на 75-м годзе жыцця памёр савецкі дысідэнт Сяргей Ханжанкоў



Савецкі дысідэнт, палітычны вязень часоў СССР Сяргей Ханжанкоў памёр раніцай 16 сакавіка ў Мінску ў выніку цяжкай хваробы, паведаміў Вячаслаў Сіўчык — кіраўнік руху салідарнасці "Разам", адным з заснавальнікаў якога быў Ханжанкоў.

"Гэта вельмі вялікая страта не толькі для яго сям`і, родных, паплечнікаў, але і для ўсёй Беларусі, — сказаў Сіўчык. — Сяргей Ханжанкоў быў вельмі сціплым і інтэлігентным чалавекам, ён быў не з тых, хто лез наперад і крычаў пра сябе. Аднак ён унікальная асоба для Беларусі, асабліва ўлічваючы, што антыкамуністычнай ідэйнай дзейнасцю ў 1960-я гады займаліся адзінкі. Гэта чалавек, які ўсё жыццё пражыў для таго, каб людзі маглі людзьмі звацца".

Паводле слоў Сіўчыка, ужо ў незалежнай Беларусі Ханжанкоў стаў актыўным удзельнікам дэмакратычнага руху, у меру сваіх сіл "дапамагаў у справе беларускага адраджэння". "Ён заўсёды ўдзельнічаў ва ўсіх акцыях памяці ахвяр палітычных рэпрэсій, быў у ліку заснавальнікаў руху салідарнасці "Разам", уваходзіў у "Мемарыял" і іншыя арганізацыі. Мінулым летам быў намеснікам кіраўніка штаба па вылучэнні Мікалая Статкевіча [кандыдатам у прэзідэнты], — сказаў Сіўчык. — Ён цяжка хварэў. Я вярнуўся ў Беларусь у верасні мінулага года і, на жаль, бачыў яго толькі, калі ён ужо быў вымушаны ездзіць па бальніцах. 30 кастрычніка мінулага года мы праводзілі вечар у падтрымку Сяргея Мікалаевіча, на жаль, без яго ўдзелу, а цяпер мы толькі паспелі павіншаваць яго з днём нараджэння, і вось практычна адразу так атрымалася..."

Дата, час, месца развітання і пахавання Сяргея Ханжанкова ўдакладняюцца.

Сяргей Ханжанкоў нарадзіўся 13 сакавіка 1942 года ў невялікім пасёлку на тэрыторыі сённяшняй Магаданскай вобласці Расіі. Яго сям`я ссыльная, вярнуцца дадому ў Мінск ёй дазволілі толькі ў 1955 годзе. У 1959-м Ханжанкоў паступіў на гідратэхнічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт). Разам з сябрамі ён меў намер падарваць мінскую тэлевышку, з дапамогай якой савецкія ўлады глушылі замежныя радыёсігналы і перадачы. Спецслужбы раскрылі план змоўшчыкаў, і ў канцы мая 1963 года ўся група была арыштаваная. Увосень таго ж года Ханжанкова асудзілі на 10 гадоў лагераў за спробу дыверсіі, а таксама антысавецкую агітацыю і прапаганду. Пасля вяртання ў Мінск ў 1973 годзе Ханжанкоў працаваў у Беларускім дзяржаўным інстытуце праектавання аўтадарог, на Станкабудаўнічым заводзе імя Кірава.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 16 сакавіка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/708/34757
Текущая дата: 29.12.2024