Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” абвясціла конкурс з нагоды свайго 25-гадовага юбілею.
На шматлікія просьбы ўдзельнікаў, працягнуты тэрмін прыёму працаў на конкурс, прысвечаны гісторыі і сучаснасці беларускага замежжа, які Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” абвясціла з нагоды свайго 25-гадовага юбілею. Можна паспець падаць працу да 1 сакавіка на адрас: zbsb.minsk@gmail.com з пазнакай “На конкурс”.
Пра нашых суродзічаў за мяжой тут, у Беларусі, дагэтуль ведаюць няшмат. Але ж менавіта праз іх, беларусаў у замежжы, праз іх справы і творы ва ўсе часы нас, беларусаў, бачыць свет за мяжой: давайце супольна распавядзем пра незвычайныя лёсы і справы беларусаў замежжа, каб лепш ведаць і разумець найперш саміх сябе, каб адчуць, што незалежна ад месца пражывання – мы адна нацыя.
Чакаем працаў і ад прафесійных навукоўцаў, і ад аматараў, ад сталых даследчыкаў і пачаткоўцаў. Месца пражывання значэння не мае. Галоўнае, каб тэксты былі раней не публікаваныя і напісаныя на беларускай мове.
Па выніках конкурсу пераможцы атрымаюць каштоўныя ўзнагароды, а найлепшыя працы ўдзельнікаў будуць апублікаваныя.
Памер тэкстаў да 1 аўтарскага аркуша (каля 40 тысяч знакаў).
Да разгляду прымаюцца арыгінальныя аўтарскія тэксты навуковага, навукова-папулярнага, публіцыстычнага характару. Яны могуць быць прысвечаныя розным аспектам жыцця і дзейнасці беларусаў у замежжы, у тым ліку:
- біяграфіям пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, палітыкаў, грамадскіх і іншых дзеячаў, чыё жыццё і творчасць звязаныя з замежжам;
- асэнсаванню творчай спадчыны дзеячаў беларускага замежжа;
- гісторыі масавых эміграцый, перасяленняў беларусаў па-за межы Беларусі;
- гісторыі або сучаснасці беларускай прысутнасці ў асобнай краіне;
- дзейнасці беларускіх дзяржаўных прадстаўніцтваў на Захадзе: Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларускай Цэнтральнай Рады;
- дзейнасці асобных беларускіх арганізацый, суполак, калектываў, сродкаў масавай інфармацыі;
- сацыяльным, эканамічным, культурным аспектам існавання беларускага замежжа.
У склад журы конкурсу ўваходзяць сябры Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”:
Наталля Гардзіенка, гісторык, намеснік дырэктара БДАМЛМ,
Лявон Юрэвіч, архівіст Нью-ёрскай публічнай бібліятэкі,
др. Вітаўт Кіпель, старшыня БІНіМа,
др. Янка Запруднік, сябра ўправы БІНіМа,
Валеры Герасімаў, загадчык аддзелу старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
12 студзеня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/710/33827
Текущая дата: 15.11.2024