Пра гэта паведаміў дырэктар Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вячаслаў Даніловіч. Канферэнцыя будзе доўжыцца два дні — 5 і 6 лістапада.
Упершыню на такім маштабным навуковым форуме з’явіцца магчымасць разгледзець усе аспекты гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Палітыка, эканоміка, культура — тры асноўныя вектары даследаванняў, пра якія плануецца весці гаворку. Удзел прыме больш як 140 навукоўцаў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны, Расіі. Толькі замежных даследчыкаў будзе больш як 40.
Акрамя акадэмічных гісторыкаў, да навуковых дыспутаў далучацца іх калегі з вышэйшых навучальных устаноў краіны — усе тыя, хто займаецца пытаннямі гісторыі ВКЛ.
Пленарнае пасяджэнне распачнецца 5 лістапада а 10-й гадзіне раніцы ў вялікай зале Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук. Завітаўшы крыху раней, там можна будзе наведаць выставу артэфактаў, набыць кнігі па гісторыі княства, азнаёміцца з працай рэканструктараў.
Апошнім выступоўцам першай часткі канферэнцыі стане лідар гурта «Стары Ольса», даследчык старажытнай музыкі Зміцер Сасноўскі. Тэма яго даклада — «Творчае пераасэнсаванне еўрапейскіх музычных уплываў у магнацкім і гарадскім асяроддзі Вялікага Княства Літоўскага». Гэта паведамленне будзе адбывацца ў суправаджэнні музыкі калектыву.
Беларуская даследчыца Вольга Ляўко раскажа пра ўтварэнне дзяржавы, ролю ў гэтым працэсе Полацкага княства; Валянцін Голубеў звернецца да найноўшай беларускай гістарыяграфіі ВКЛ. Польскі навуковец Ян Тэнгоўскі распавядзе пра дату і месца нараджэння Ягайлы. Андрэй Дварнічэнка з Расіі раскажа праблему палітагенэзу (фарміравання дзяржавы). Літоўскі даследчык Айва Рагаўскас выступіць з арыгінальнай тэмай, прысвечанай ведаўскім працэсам (вядзьмарскім) у Вялікім Княстве Літоўскім у XVІ стагоддзі.
Далей праца канферэнцыі будзе падзелена на чатыры секцыі. Яны размесцяцца ў Інстытуце гісторыі, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы і Нацыянальнай бібліятэцы. Прысутнічаць у якасці слухачоў, далучыцца да абмеркаванняў могуць усе ахвотныя.
Вячаслаў Даніловіч распавёў, як узнікла сама ідэя гэтай канферэнцыі:
— У беларускіх даследчыкаў ёсць ужо вельмі шмат напрацовак па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Мы маем свой уласны погляд. Цяпер важна данесці яго да іншых калег. Таму мы і запрасілі замежных навукоўцаў, каб даць магчымасць ім пачуць нашы высновы. Мы імкнуліся стварыць гэта шырокае поле для дыялогу, каб данесці свае ідэі.
Ніна Шчарбачэвіч
Звязда, 31 кастрычніка 2015
Звязда, 31 кастрычніка 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/719/33142
Текущая дата: 15.11.2024