Белорусский портал в Казахстане

Сумесныя акцыі ФПБ, БРСМ і аб`яднання ветэранаў дадуць магчымасць з`яднаць усе пакаленні беларусаў



Такое меркаванне выказаў 10 снежня старшыня ФПБ Міхаіл Орда.

Сумесныя акцыі ФПБ, БРСМ і аб`яднання ветэранаў дадуць магчымасць з`яднаць усе пакаленні беларусаў. Такое меркаванне выказаў 10 снежня старшыня ФПБ Міхаіл Орда на трохбаковым пасяджэнні прэзідыумаў Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб`яднання ветэранаў і Бюро Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, якое адбылося па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў штаб-кватэры ФПБ.

"Памяць аб Вялікай Айчыннай вайне аб`ядноўвае ўвесь беларускі народ. У гэты юбілейны год, 70-годдзя Перамогі, і прафсаюзы, і ветэранскія арганізацыі, і моладзь рэалізавалі шмат мерапрыемстваў, накіраваных на падтрымку ветэранаў вайны і захаванне аб`ектаў памяці. Але ёсць яшчэ шмат напрамкаў для сумеснай дзейнасці, і мы хочам сканцэнтравацца для рэалізацыі ў будучым мерапрыемстваў, накіраваных на прадаўжэнне работы па захаванні памяці аб подзвігу нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне", - сказаў Міхаіл Орда.

Адна з такіх акцый - месячнік "Рыхтуемся да свята Перамогі" па добраўпарадкаванні месц воінскіх пахаванняў, па рамонце і прывядзенні ў парадак мемарыялаў воінскай славы - пройдзе ў Беларусі з 8 красавіка па 8 мая 2016 года. Такая акцыя зможа па-сапраўднаму з`яднаць моладзь, ветэранаў, усе пакаленні грамадства, выказаў упэўненасць старшыня ФПБ. Яшчэ адной аб`яднальнай акцыяй можа стаць праект да Дня Незалежнасці.

Міхаіл Орда адзначыў, што важна таксама ўзаемадзеянне маладзёжных, ветэранскіх арганізацый і прафсаюзаў на рэгіянальным узроўні. 10 снежня Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Беларускае грамадскае аб`яднанне ветэранаў падпісалі трохбаковае пагадненне аб супрацоўніцтве і разгледзелі план мерапрыемстваў прафсаюзных, маладзёжных і ветэранскіх арганізацый рэспублікі па сацыяльнай абароне і падтрымцы ветэранаў вайны і працы.

БЕЛТА, 10 снежня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/721/33626
Текущая дата: 27.12.2024