Белорусский портал в Казахстане

Прыза Прэзідэнта "За гуманізм і духоўнасць у кіно" на фестывалі "Лістапад" удастоены кыргызскі фільм "Нябеснае качэўе"



Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў кінафоруму прайшла ў сталічным кінатэатры "Масква".

Прыза Прэзідэнта Беларусі "За гуманізм і духоўнасць у кіно" на XXII Мінскім міжнародным кінафестывалі "Лістапад" удастоены фільм "Нябеснае качэўе" (рэжысёр - Мірлан Абдыкалыкаў; Кыргызстан).

Таксама фільм "Нябеснае качэўе" атрымаў спецпрыз Выканаўчага камітэта Садружнасці Незалежных Дзяржаў "Кіно без межаў" - за развіццё культурнага супрацоўніцтва і ўмацаванне дружбы паміж народамі.

Абедзве ўзнагароды атрымаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кыргызстана ў Беларусі Кубанычбек Амураліеў. Дыпламат падзякаваў за высокую ацэнку работы кыргызскага рэжысёра, адзначыўшы, што яму вельмі прыемна атрыманне гэтых узнагарод на беларускай зямлі. Ён выказаў упэўненасць у развіцці культурнага супрацоўніцтва, а таксама эканамічнага ўзаемадзеяння ў Еўразійскім эканамічным саюзе.

Спецыяльным прызам Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі "За вернасць маральным ідэалам у кінамастацтве" адзначаны фільмы "Шлях у Дамаск" (рэжысёр - Арцём Лобач; Беларусь) і "Піянеры-героі" (рэжысёр - Наталля Кудрашова; Расія). Карціна "Дзіўныя часціцы" расійскага рэжысёра Дзяніса Кляблеева атрымала спецпрыз "Мова кіно - мова ўзаемаразумення" ад Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мір".

Яшчэ адзін прыз - Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта - прысуджаны стужцы "Бараны" (рэжысёр - Грымюр Хаўконарсан) сумеснай вытворчасці Ісландыі і Даніі. XXII Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад", які стартаваў 6 лістапада, прымеркаваны да 120-годдзя сусветнага кінематографа, юбілей якога адзначаецца ў 2015 годзе. Дэвіз кінафоруму - "Асалода для вачэй".

Праграму склалі 184 карціны з 60 краін (91 ігравы фільм, 70 неігравых, 23 анімацыйныя). Заснавальнікамі ММКФ "Лістапад" з`яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Беларускага саюза кінематаграфістаў. Фестываль праводзіцца пад патранажам Прэзідэнта Беларусі.

Арганізатар галоўнай кінападзеі года - Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн". Фестываль акрэдытаваны Міжнароднай федэрацыяй асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAPF) як конкурсны фестываль фільмаў краін Балтыі, Цэнтральнай Азіі, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

13 лістапада 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/726/33224
Текущая дата: 25.12.2024