Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі неабходна вырабляць яшчэ 377 тыс. тон цяплічнай прадукцыі, каб адмовіцца ад імпарту агародніны



Пра гэта Аляксандра Лукашэнку праінфармавалі 31 ліпеня падчас наведвання ім КУП "Мінская агароднінная фабрыка".

"Давайце дамовімся так: будзем мы працаваць ці не будзем, але за будучую пяцігодку пытанне па цяпліцах трэба зняць! Трэба пабудаваць іх столькі і паводле самых сучасных тэхналогій, колькі нам трэба. За пяцігодку гэтае пытанне вырашым", — цытуе прэзідэнта яго прэс-служба. 

"А канкурэнцыя... Калі іспанцы жадаюць у нас прадаць свой тавар, хай канкуруюць і прадаюць", — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Лукашэнка лічыць, што неабходна ўкладваць сродкі, наколькі гэта магчыма, і ствараць цяпліцы непадалёк ад Мінска. Вырашчаная ў межах Мінскай кальцавой дарогі ў цяпліцах прадукцыя зможа паступаць у гандлёвыя сеткі сталіцы з найменшымі затратамі на дастаўку. 

Ён таксама заявіў, што лічыць правільным прынятае ў свой час рашэнне аб захаванні цяплічнай гаспадаркі ў краіне: "Былі ў нас дзеячы, яны цяпер у апазіцыі, а некаторыя збеглі з краіны, яны мяне пераконвалі: камбайны не трэба — купім у немцаў, плугі — таксама купім, трактароў "МТЗ-80", "МТЗ-82" — хопіць, замест цукровых буракоў трыснёг купім, завязем, не трэба нам буракі. Гэтак жа прапаноўвалі, што і цяпліцы не трэба, мы не здолеем канкураваць". 

"У тыя часы мяне пераконвалі, што мы не здолеем канкураваць на рынку ні ўнутры, ні ў Расіі ў сувязі з тым, што розніца ў цэнах на газ. Маўляў, трэба цяпліцы ўсе прыбраць, зямлю зраўнаваць і купляць агароднінную прадукцыю за межамі. Тады я сказаў: не, вы адновіце ўсе цяпліцы", — сказаў Лукашэнка. 

Паводле вынікаў наведвання агародніннай фабрыкі кіраўнік дзяржавы запатрабаваў разабрацца з фарміраваннем рознічных цэн на плодаагароднінную прадукцыю, якая, трапляючы на паліцы гандлёвых сетак, паводле яго слоў, становіцца ў два разы даражэйшай. "На гэтым ніхто не павінен нажывацца! А то прыгожа: памідоры, агуркі і іншае. А цана? Хто ў кішэню кладзе грошы за гэтую прыгажосць?" — спытаў кіраўнік дзяржавы. 

Лукашэнка папярэдзіў урад аб безумоўным выкананні яго даручэння па ахове ўнутранага рынку. "Мы аддалі свае рынкі іспанцам, галандцам, якія нас "квасяць" што ні крок, а самі прабіваемся ў Афрыку і Кітай. Гэта нармальна? Не. Вырашайце!" — перадае яго словы прэс-служба.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 31 ліпеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/734/32220
Текущая дата: 15.11.2024