Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 20 ліпеня на сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам.
Прэзідэнт заклікаў дэпутатаў у час выбарчай кампаніі актывізаваць работу ў акругах. Паводле яго слоў, парламентарыям неабходна падключыцца да прэзідэнцкіх выбараў "у плане таго, каб данесці да людзей і растлумачыць ім найбольш складаныя моманты гэтай сітуацыі ў краіне і маючай адбыцца кампаніі".
Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што ў гэты перыяд будзе нямала "розных выпадаў у адрас дзяржавы, у тым ліку і нашага грамадства". "Дэпутаты - людзі дасведчаныя, гэта палітычна актыўныя людзі, неабходна, каб яны растлумачвалі сваім выбаршчыкам тыя ці іншыя складаныя моманты або прапановы нашых апанентаў", - лічыць кіраўнік дзяржавы.
"У прэзідэнцкія выбары ўсе вельмі шмат абяцаюць, але выконваць давядзецца таму, хто будзе выбраны, - прадоўжыў ён. - Я ўпэўнены, што нават калі будзе выбраны іншы чалавек, працаваць будуць людзі, якія цяпер працуюць. Яны ж з неба не зваляцца - спецыялісты і дзяржслужачыя. Гэта вельмі складаны працэс - падрыхтаваць дзяржаўнага служачага, таго ж чыноўніка. Таму многія застануцца працаваць, нават калі прыйдзе да ўлады хтосьці іншы і можа нават апазіцыйны".
Прэзідэнт падкрэсліў, што беларусы не з тых людзей, якіх можна падмануць перадвыбарнымі абяцаннямі. "Ужо тут, як у народзе кажуць, лапшу на вушы не навесіш, але, тым не менш, спрабаваць будуць. І дэпутат павінен быць тым чалавекам, які павінен зберагчы наша грамадства ад залішніх надзей на тое, што іх нехта азалоціць. У свеце час няпросты. І проста так нічога не робіцца, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Свет становіцца ўсё больш складаным і нам у гэтым складаным свеце не так проста адаптавацца і прыстасавацца. Але гэта наша праблема - праблема ўлады, і мы адаптуемся. Дэпутаты павінны дапамагчы з растлумачэннямі тых ці іншых пазіцый нашаму насельніцтву".
"Дэпутат - гэта чалавек, які карыстаецца даверам насельніцтва, і трэба з людзьмі размаўляць. Не трэба ім нічога лішняга абяцаць і не трэба падманваць людзей. Мы гэтага павінны не дапусціць", - рэзюмаваў Прэзідэнт.
20 ліпеня 2015, Мінск
БЕЛТА
20 ліпеня 2015, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/736/32046
Текущая дата: 16.11.2024