Сталічная транспартная міліцыя затрымала цяжарную наркаманку, якая абкрадвала сонных пасажыраў у начной электрычцы Брэст — Мінск.
Як паведамляе МУС, у жніўні ў Мінскі аддзел унутраных спраў на транспарце ад пасажыраў электрычак Брэст — Мінск паступіла некалькі заяў. Крадзяжы рэчаў і грошай учыняліся прыблізна апоўначы без сведак.
"Каб знайсці зламысніка, мы пачалі суправаджаць саставы пад выглядам звычайных пасажыраў, — расказаў намеснік начальніка крымінальнага вышуку Мінскага АУСТ капітан міліцыі Раман Крылоў. — Праз некалькі дзён у поле зроку трапіла жанчына, якая без мэты хадзіла па вагонах. Яна ж неаднаразова была зафіксаваная і камерамі відэаназірання на станцыі Койданава".
Аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы ў дачыненні да яе закончыліся вынікова: 33-гадовую падазроную з Дзяржынска ўдалося затрымаць на месцы злачынства. Сумку з ноўтбукам і навушнікамі яна выкрала ў аднаго з пасажыраў электрычкі. Жанчына прызналася ва ўчыненні яшчэ некалькіх крадзяжоў каштоўнасцяў, рэчаў і грошай.
Зламысніца "працавала" не адна. Яе знаёмы з Дзяржынска гандляваў выкрадзеным у горадзе. Мужчына выконваў і іншую ролю: падвозіў на машыне жанчыну на чыгуначную станцыю і забіраў яе з Мінска са здабычай. Акрамя таго, неаднаразова пабываўшы на лаве падсудных, саўдзельнік перадаваў напарніцы свой вопыт: яна заўсёды правярала, каб у цягніку не было людзей у форме, не затрымлівалася ў адным вагоне і шукала адзінокіх пасажыраў, якія спалі.
Да таго як стаць злодзеем, жанчына звязалася з наркотыкамі і займалася прастытуцыяй. Усе выручаныя грошы разам з саўдзельнікам яна траціла на куплю наркотыкаў.
У дачыненні да крымінальнага дуэта распачатая справа на падставе ч. 2 арт. 205 КК (крадзеж, учынены групай асоб). Ім пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да чатырох гадоў. Падазроныя правяраюцца на дачыненне да злачынстваў у цягніках іншых маршрутаў, а таксама на тэрыторыі Дзяржынскага раёна.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 8 верасня 2015
Мінск, 8 верасня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/736/32587
Текущая дата: 26.12.2024