Белорусский портал в Казахстане

Жыхарка Ваўкавыска стала ахвярай непраўдзівых лекараў



Пенсіянерка з Ваўкавыска стала ахвярай непраўдзівых лекараў.

Як паведамляе ўпраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці, даведаўшыся аб тым, што экстрасенсы здольныя лячыць нават на адлегласці, жанчына 1958 года нараджэння па тэлефоне звярнулася да аднаго з іх па дапамогу ў лячэнні ад алкагалізму яе сваяка. У выніку за перыяд з кастрычніка 2014 года па сакавік 2015-га яна перавяла паштовымі пераводамі невядомым асобам у якасці аплаты за паслугі звыш за 36 тысяч долараў ЗША і 250 тысяч расійскіх рублёў. 

Усвядоміўшы, што праблема не вырашаецца і яе ашукалі, жанчына звярнулася ў праваахоўныя органы. Па факце махлярства, учыненага ў асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 209 КК), Ваўкавыскім раённым аддзелам Следчага камітэта распачата крымінальная справа. 

Следчыя ўстанавілі, што пацярпелая даведалася пра кантактныя даныя несапраўдных лекараў пры праглядзе тэлеперадачы.

Скарыстаўшы даверлівасць жанчыны, яны стварылі бачнасць аказання ёй дапамогі, выстаўляючы буйныя рахункі за свае паслугі. Грошы трэба было адпраўляць паштовымі пераводамі на фізічную асобу. 

Следства працягвае высвятляць дэталі злачыннай схемы махлярства і засцерагае ад неабдуманых дзеянняў іншых грамадзян.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 12 чэрвеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/744/31461
Текущая дата: 15.11.2024