Гэта ж цуд: канікулы пачаліся — і якраз Беларускі рэспубліканскі Тэатр юнага гледача адкрыўся пасля рэстаўрацыі.
Што яшчэ трэба для шчасця? Аказалася — вось гэта і трэба бацькам і дзецям. Таму напачатку іх і віталі сімвалічнай казкай з цудамі «Сіняя птушка» Марыса Метэрлінка. Прэм’ера на адкрыццё. І нібыта ўсе толькі таго і чакалі, калі тэатр вернецца дадому: зала на 323 месцы запаўнялася гледачамі.
Яны пачалі сцягвацца задоўга да спектакля. Купка дзяўчатак прыйшла, аглядваюцца. Зайшлі ў фае — на экране дэманструецца афіша з усімі спектаклямі тэатра. Асцярожна сядаюць. Як жа інакш, калі ўсё блішчыць: урачыстыя жырандолі ззяюць усімі гронкамі празрыстых хрусталікаў.
На паркет ступаеш з усёй адказнасцю: тэатр — гэта ж як храм, і вось ты ў ім. Храм — гэта нешта святое, дзе з табой гавораць пра самыя важныя рэчы. Жанчына з праграмкамі ўсіх вітае па-беларуску: калі ласка, кожны можа стаць удзельнікам конкурсу, калі намалюе сваё ўяўленне пра шчасце. Мамы кажуць: «Дзякуй!» Малыя пасміхаюцца, таму што ўжо разумеюць: шчасце — гэта тое, што патрэбна ўсім. І тут адразу ёсць прыклады таго, якое яно можа быць. Тата, мама, дзеткі (малому, здаецца, нават трох годзікаў няма), але ўсе разам прыйшлі ў тэатр. І яшчэ цікавыя госці: модны малады мужчына з голенай пад панка галавой і малы з такой жа стрыжкай, адразу відаць: тата і сыночак. Настаўніца з вучнямі — гавораць па беларуску. Пра паступленне ў гімназію, каму чаго чакаць. Мама з дзвюма дочкамі, пакуль чакаюць спектаклю, вырашылі пайсці на гукі раяля. Уздымаюцца па лесвіцы, азіраючыся вакол сябе. Мармуровыя поручні настройваюць на сур’ёзны лад. Але паміж паверхамі бачыш рэльеф з піянерамі — і адразу ўзгадваецца (прынамсі, дарослым, як я) той стары ТЮГ.
Насамрэч тэатр з гісторыяй, якая пачыналася фактычна да Вялікай Айчыннай вайны, у 1931 годзе, а ў гэтым будынку ён пачаў сваё жыццё з 1956 года. Пра той час нагадаюць роспісы пад столлю ў фае. Але свежы паркет пад ёю падобны да дывана, сатканага з дробным малюнкам. Раяль, за ім піяніст — і гукі прыгожай класічнай музыкі навокал. Публіка, якая прыйшла на іх, пасела па баках фае. Але гэта пакуль, прыйдзе час — танцаваць на гэтым паркеце будуць. У цэнтры прадуманы кавалак падлогі, з якой на навагоднія святы будзе выязджаць ёлка. Цуд клопату пра свайго мэтавага гледача. І яшчэ клопат — у тэатры створана безбар’ернае асяроддзе, і паўнавартаснымі гледачамі змогуць адчуць сябе ўсе дзеці і дарослыя.
Насамрэч тэатр з гісторыяй, якая пачыналася фактычна да Вялікай Айчыннай вайны, у 1931 годзе, а ў гэтым будынку ён пачаў сваё жыццё з 1956 года. Пра той час нагадаюць роспісы пад столлю ў фае. Але свежы паркет пад ёю падобны да дывана, сатканага з дробным малюнкам. Раяль, за ім піяніст — і гукі прыгожай класічнай музыкі навокал. Публіка, якая прыйшла на іх, пасела па баках фае. Але гэта пакуль, прыйдзе час — танцаваць на гэтым паркеце будуць. У цэнтры прадуманы кавалак падлогі, з якой на навагоднія святы будзе выязджаць ёлка. Цуд клопату пра свайго мэтавага гледача. І яшчэ клопат — у тэатры створана безбар’ернае асяроддзе, і паўнавартаснымі гледачамі змогуць адчуць сябе ўсе дзеці і дарослыя.
Цяпер пачынаецца новы адлік у адрамантаваным тэатры, дзе самыя галоўныя змены, бадай, тычацца ўсё ж такі большых магчымасцяў сцэны: каб яна магла трансфармавацца, лепш асвятляцца, мець дадатковыя тэхнічныя сродкі ў дапамогу мастакам-сцэнографам. І калі гэта ўсё чакалася доўга (тэатр некалькі гадоў існаваў на іншых пляцоўках), то шчасце для ўсіх, хто тут працуе, адчуць сябе дома. Дом стаў больш утульны і таму, што з’явіліся дадатковыя памяшканні — адміністрацыйна-вытворчы корпус, злучаны з галоўным будынкам тэатра.
Адкрыццё Тэатр юнага гледача — гэта свята, якое прываблівае і дарослых. Падлеткі (кажуць, складаны ўзрост), хлопцы з дзяўчатамі — ці не спатканне прызначылі ў тэатры? Завіталі ў буфет — тут усё як належыць: марожанае, пірожнае. Выбіраюць. А вось парачка ўжо нават сучасна-прасунутая, «айпадная», можа, студэнты (піражкі з капустай вельмі танныя!). На Метэрлінка ж дарослым схадзіць не заганна. Бельгійскі паэт і драматург, адзін са слупоў сімвалізму (які больш за сто гадоў таму вярэдзіў розумы), лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры, гаварыў з людзьмі пра вечнае, тое, што па-за матэрыяльным светам, але без чаго няма чалавека як жывой істоты. «Сіняя птушка» — адна з яго самых папулярных п’ес (яшчэ пры жыцці аўтара стала такой). Зразумела, чаму мастацкі кіраўнік Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача Уладзімір Савіцкі і рэжысёр пастаноўкі выбраў «Сінюю птушку» на адкрыццё ў сваім родным доме — і ў гэтым сімвалізм.
Цільціль і Міціль баяцца праспаць Каляды, калі здараюцца ўсе самыя галоўныя цуды. Ім дапамагае Фея: наладжвае дзецям падарожжа, праз якое яны лепш разумеюць тое каштоўнае, што ёсць у жыцці. Напачатку — што ўсё навокал — такое ж жывое. Любімы сабака мае душу, якая нарэшце размаўляе з гаспадарамі. Котка таксама мае душу, але ў яе сваё бачанне ролі чалавека ў свеце. Вада і агонь маюць душу. Цукар і хлеб — таксама. Як і Святло. Усе яны становяцца спадарожнікамі малых у пошуках птушкі шчасця, якая можа дапамагчы адной хворай дзяўчынцы.
Падчас свайго падарожжа дзеці сустракаюцца са сваімі дзядулем і бабуляй, якія цяпер у іншым свеце, але бачаць сваіх любімых унукаў кожны раз, калі тыя ўзгадваюць пра іх. Цільціль і Міціль бачаць шмат дзіўных рэчаў, шукаюць птушку шчасця сярод ночы і ў краіне дрэў — іх, дзяцей дрывасека, уражвае трагедыя, якую перажываюць дрэвы, губляючы сваіх братоў з-за людзей. Але яны бачаць і шчасце ў розных варыянтах (напрыклад, Самае Гладкае Шчасце), якое багата прапаноўвае жыццё. Але найбольш іх прываблівае Шчасце Матчынай Любові, якое раніцой наступнага дня яны пачнуць цаніць яшчэ больш. Вось толькі птушку знайсці цяжка. Тую фантастычную Сінюю птушку, пра якую казала Фея. Але часам так бывае, што яна зусім побач — тая самая твая любімая птушачка, якая жыве ў клетцы, а нехта тым часам марыць пра такую ж. Птушка шчасця насамрэч жыве дома. Яна там, дзе ты. А шчасце ў тым, што ты можаш ім дзяліцца з іншымі.
Метэрлінк атрымаўся не столькі сімвалічны, колькі сапраўды казачны — з прыгожымі яркімі касцюмамі, песнямі (кампазітар Сяргей Бельцюкоў) і вершамі (паэт Алесь Бадак). У дзіцячым тэатры інакш гэтую п’есу зрабіць было б складана — а тут варыянт, які быў бы цікавы і бацькам, і дзецям. Нягледзячы на тое, што ўзроставая аўдыторыя спектакля вызначана як «10+», у зале была малеча годзікаў нават ад 3-х — яе прываблівала дзея, калі нешта на сцэне хутка мянялася, выязджала ці наадварот, знікала, зіхацела ці хавалася ў туман. У некаторыя моманты дзеянне праходзіла праз залу, уцягвала гледачоў (праз гульню з шарамі, напрыклад). А можа, заварожвала беларуская мова, на якой прадстаўлялі Метэрлінка. Спадабалася і дарослым, і дзецям. Дарэчы, гучней за ўсіх «брава» крычалі важныя таты. Гэта тэатр усё ж сямейны. Тэатр як дом. Тэатр дома.
Ларыса Цімошык
Звязда, 5 чэрвеня 2015
Звязда, 5 чэрвеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/746/31301
Текущая дата: 15.11.2024