Беларускія банкі лічаць немэтазгодным увядзенне картачнага збору пры аплаце грамадзянамі замежных інтэрнэт-пакупак.
Свой пункт гледжання банкі выклалі ў лістах, якія на гэтым тыдні былі адпраўленыя ў Нацбанк.
"Сваю пазіцыю банкаўская супольнасць суправадзіла роздумамі аб тым, што ўводзіць гэты збор не трэба. Гэта ўсё роўна не выключыць магчымасць заказу тавараў за мяжой, але спарадзіць ценявы ці, як мінімум, нябанкаўскія формы разлікаў", — сказаў член праўлення аднаго з банкаў.
Ён выказаў меркаванне, што ўвядзенне гэтага збору будзе мець выключна адмоўныя наступствы і плюсы ад гэтага дзяржава наўрад ці атрымае. "Банкаўскі сектар пры такім сцэнарыі развіцця падзей пазбавіцца кавалка картачнага рынку, а на імпарт спажывецкіх тавараў гэта ніяк не паўплывае", — сказаў топ-менеджар.
Апрача таго, зазначаюць банкіры, на гэты час тэхнічныя магчымасці для раздзялення плацяжоў, каб збіраць збор пры куплі насельніцтвам тавараў за мяжой, у банкаў адсутнічаюць. Увядзенне збору запатрабуе стварэння спецыяльных ідэнтыфікатараў, якія дазволяць аналізаваць плацяжы кліентаў і выяўляць, што аплата ажыццяўляецца на карысць інтэрнэт-магазіна, зарэгістраванага за мяжой.
"Пакуль незразумела, як гэта зрабіць, але калі будзе пастаўлена задача, давядзецца думаць, як яе рэалізаваць. Аднак гэта будзе дакладна не хутка і не проста зрабіць, і запатрабуе немалых грошай. Пры гэтым цяжка паверыць у эфектыўнасць такога механізму абмежавання спажывецкага імпарту", — растлумачыў суразмоўца.
Банкіры спадзяюцца, што Нацбанк раздзяляе пазіцыю камерцыйных банкаў, і на дзяржаўным узроўні не будзе падтрымліваць увядзенне збору з інтэрнэт-пакупак грамадзян.
"Нацбанк у апошнія гады актыўна прасоўваў задачу развіцця безнаяўных плацяжоў і дабіўся ў гэтым кірунку прыкметных вынікаў. Таму, відавочна, Нацбанк не будзе зацікаўлены ва ўвядзенні картачнага збору на інтэрнэт-пакупкі, бо, хутчэй за ўсё, гэта прывядзе да адмовы часткі насельніцтва ад безнаяўных разлікаў", — мяркуе старшы аналітык форэкс-брокера "Альпары" Вадзім Іосуб.
На думку назіральнікаў, ідэя ўвесці падатак з інтэрнэт-пакупак грамадзян з`явіліся на афіцыйным узроўні з-за цяжкай сітуацыі, якая складваецца ў сферы дзяржаўных фінансаў. "Галоўная прычына паяўлення ідэі ўвесці гэты падатак — цяжкасці з даходамі бюджэту, што ўзніклі ў сувязі з прасяданнем рэальнага сектара эканомікі, асноўных падаткаплацельшчыкаў", — мяркуе эканаміст Антон Балточка.
Нагадаем, выступаючы ў канцы чэрвеня на закрыцці сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, спікер верхняй палаты парламента Міхаіл Мясніковіч заявіў пра неабходнасць браць падатак з інтэрнэт-пакупак беларусаў. На яго думку, з пасылак, якія прыходзяць беларусам з-за мяжы, неабходна браць збор.
У пачатку ліпеня Нацбанк разаслаў банкам ліст, у якім цікавіўся магчымасцю збірання збору на этапе аплаты імпартнага тавару банкаўскай карткай.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 10 ліпеня 2015
Мінск, 10 ліпеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/747/31961
Текущая дата: 27.12.2024