Белорусский портал в Казахстане

6 мая пошукава-ратавальны атрад "Анёл" аб`явіў пра вышук на тэрыторыі Беларусі і Расіі жыхара Мінска Руслана Фраемчука, 1972 года нараджэння



Мяркуючы па размешчанай арыенціроўцы, 25 красавіка мужчына выйшаў з дому і дагэтуль пра месца яго знаходжання нічога не вядома.

Прыкметы: на выгляд 40 гадоў, рост 175-180 см, нармальнага целаскладу, вочы карыя, валасы прамыя цёмна-русыя. Быў апрануты: чорныя штаны, цёмныя чаравікі з белай паласой збоку, цёмная кароткая куртка, цёмная майка з кароткім рукавом.

Паведамляецца, што за інфармацыю аб месцазнаходжанні зніклага гарантуецца ўзнагароджанне.

Нагадаем, менавіта Руслан Фраямчук падазраецца ў буйным крадзяжы з аддзялення ЗАТ "БCБ Банк" у Мінску, учыненым 25 красавіка. Яго звесткі і фота былі размешчаныя на сайце Следчага камітэта Беларусі 29 красавіка.

Як інфармавалі праваахоўныя органы, 27 красавіка ў 9.46 па спецлініі 102 у міліцыю звярнуліся работнікі банка з інфармацыяй пра тое, што ў памяшканні разлікова-касавага цэнтра, размешчанага ў Цэнтральным раёне сталіцы, пашкоджаныя пломбы сейфаў. 

Падчас першапачатковых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў было ўстаноўлена, што крадзеж быў учынены 25 красавіка з 18.24 да 20.53. Выкрадзена: 690.000 долараў ЗША, 64.000 еўра, 3.900.000 рублёў ЦБ РФ, 1.340 фунтаў стэрлінгаў, 1.000 швейцарскіх франкаў, 45.229 грывен і 100 злотых. 

Як паведамлялі ў СК, дапытаныя дзясяткі супрацоўнікаў банка, канфіскаваная і ўсебакова вывучаецца фінансавая дакументацыя, запісы камер відэаназірання. Прызначаны шэраг экспертных даследаванняў. У ГУУС Мінгарвыканкама адпраўлена даручэнне на ўстанаўленне месцазнаходжання і затрыманне асобы, якая мела дачыненне да злачынства. 

Устаноўлена, што да крадзяжу мае дачыненне 43-гадовы супрацоўнік банка, які ажыццяўляў кантроль за забеспячэннем унутрыбанкаўскага рэжыму, абарону перыметра і службовых памяшканняў. 25 красавіка ён апошнім выходзіў з банкаўскай установы. Вынесена пастанова аб прыцягненні яго ў якасці абвінавачванага і прымяненні меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. Мужчына аб`яўлены ў вышук. 

Упраўленне СК па Мінску расследуе справу на падставе ч. 4 арт. 205 КК.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 6 мая 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/750/30879
Текущая дата: 15.11.2024