У Мінску ствараецца першая ў краіне сетка кантактных заапаркаў "Краіна Яноція".
Першыя заапаркі, у якіх можна будзе гладзіць і карміць жывёл, адкрыюцца гэтым летам у гандлёва-забаўляльных цэнтрах "Тытан" і "Цівалі", паведамілі ў ТАА "Прамоўшн Інвестмент".
"Краіна Яноція" будзе налічваць прыкладна 10 устаноў у розных кутках Мінска. Першыя заапаркі афіцыйна адкрыюць блізу восені, але працаваць яны, магчыма, пачнуць раней. Так, у ГЗЦ "Тытан" на праспекце Дзяржынскага аматараў жывёл чакаюць ў сярэдзіне ліпеня, а ў ГЗЦ "Цівалі" на вуліцы Прытыцкага дакрануцца да звяркоў у вальерах можна будзе ў пачатку жніўня.
Плошча кожнага такога заапарка перавысіць 300 квадратных метраў. Побач з уваходам размесцяцца гардэроб і зона рэсепшн. За імі будуць вальеры адкрытага тыпу з капытнымі жывёламі: поні, камерунскімі козамі, авечкамі і альпакамі. Побач будуць знаходзіцца марскія свінкі, трусы, вавёркі, капібары і малпы — макакі і капуцыны.
Фірмовымі жывёламі сеткі будуць яноты — насухі і паласкуны. Таксама ў заапарках будуць кенгуру, лемуры, янотападобныя сабакі і афрыканскія вожыкі. Карміць можна будзе такіх птушак: качак-мандарынак, лебедзяў, дэкаратыўных курэй, хвалістых папугаяў, какарыкаў і амадзінаў.
Усяго ж у кантактным заапарку будзе прыблізна 30 відаў звяроў і птушак. Амаль 90% жывёл будуць кантактнымі. Асобнае месца выдзеляць для дзіцячай творчасці, дзе маленькія наведвальнікі змогуць маляваць жывёл, гуляць з імі або глядзець мультфільмы.
Кожны заапарк аформяць у пэўным стылі. Так, у ГЗЦ "Тытан" будзе абыграны анімацыйны фільм "Сямейка Крудс", а ў заапарку ў ГЗЦ "Цівалі" — адноўлены пустынны пейзаж.
Асноўнай сваёй аўдыторыяй уладальнікі сеткі называюць дзяцей ад трох гадоў і іх бацькоў. Жывёлін можна будзе ўбачыць і па-за заапаркам, напрыклад на навучальных семінарах у школах і дзіцячых садках. У планах стваральнікаў таксама сеансы пэт-тэрапіі і іпатэрапіі і дабрачынныя акцыі для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 22 чэрвеня 2015
Мінск, 22 чэрвеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/750/31620
Текущая дата: 28.12.2024