Белорусский портал в Казахстане

Аператар life:) у 1-м квартале 2015 года захаваў рост аперацыйнага прыбытку і значна павялічыў абаненцкую базу



Пра гэта сведчыць фінансавая справаздача групы кампаній Turkcell, у склад якой уваходзіць беларускі мабільны аператар life:).

У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года колькасць абанентаў кампаніі вырасла амаль на 100 тысяч і на пачатак красавіка 2015 года склала прыблізна 1,4 млн. абанентаў. 

Кампанія таксама працягвае фіксаваць павелічэнне аперацыйнага прыбытку (EBITDA). Пры гэтым у прэс-службе аператара life:) лічаць неабходным адзначыць, што паводле стандартаў міжнароднай справаздачнасці фінансавыя вынікі прыводзяцца з улікам гіперінфляцыі ў беларускай эканоміцы ў 2014 годзе і адмены гэтага статусу ў 2015 годзе. Гэта значна ўплывае на параўнальны аналіз звестак. 

"Таму важна адзначыць не толькі захаванне станоўчай дынамікі аперацыйнага прыбытку (EBITDA) у адносінах да аналагічнага перыяду мінулага года, але і значны рост паказчыка ў параўнанні з 4-м кварталам 2014 года, калі вынік па гэтым пункце быў адмоўным", — растлумачылі ў кампаніі. 

Згодна са звесткамі міжнароднай справаздачнасці, выручка за першы квартал 2015 года, намінаваная ў доларах ЗША, скарацілася і склала 12,2 млн. долараў. Аднак без уліку гіперінфляцыі рост паказчыка ў беларускіх рублях у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года склаў 1%. 

Як адзначае аператар, на дынаміку выручкі ў значнай ступені паўплывалі два фактары: зніжэнне продажу тэлефонаў і смартфонаў як у цэлым па рынку, так і ва ўласнай розніцы, і рост курсу долара ЗША ў параўнанні з пачаткам мінулага года. Тым не менш кампанія спадзяецца на ажыўленне тэрмінальнага рынку ўжо ў другім квартале гэтага года. 

Ваганні на валютным рынку сталі прычынай павелічэння затрат кампаніі, частка з якіх (арэнда, плата за электраэнергію, за выкарыстанне радыёчастотнага спектра і інш.) намінуюцца ў замежнай валюце. Гэта аказала негатыўны ўплыў на аперацыйны прыбытак (EBITDA). 

У параўнанні з першым кварталам 2014 года на 78 млн. долараў ЗША павялічыўся памер пазык кампаніі. Большая частка сродкаў па пазыках накіроўваецца на развіццё і мадэрнізацыю сеткі і ўкараненне новых тэхналогій. 

ЗАТ "Беларуская сетка тэлекамунікацый" ("БеСТ") была зарэгістраваная 5 лістапада 2004 года. 29 ліпеня 2008 года ўвайшла ў міжнародную групу кампаній Turkcell. Заснавальнікамі кампаніі "БеСТ" выступаюць Turkcell Group (80%) і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі (20%).

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 30 красавіка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/752/30748
Текущая дата: 15.11.2024