На гэтыя мэты прадугледжана Br217,6 млрд, паведаміў начальнік упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Анатоль Ражанец.
Аднаразовую матэрыяльную дапамогу атрымаюць амаль 46,5 тыс. ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і прадстаўнікоў асобных катэгорый грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. Сродкі, запланаваныя на правядзенне выплаты, загадзя пералічаны на рахункі камітэтаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, Мінабароны, МУС, КДБ. "Выплата будзе праводзіцца па месцы пенсіянавання грамадзян органамі, якія ажыццяўляюць выплату пенсій, у максімальныя сціслыя тэрміны", - сказаў Анатоль Ражанец.
У адпаведнасці з указам нумар 126 "Аб аказанні матэрыяльнай дапамогі" яна будзе аказана дыферэнцыравана.
Так, матэрыяльная дапамога ў памеры Br10 млн прадугледжана для Герояў Савецкага Саюза, кавалераў ордэнаў Славы трох ступеняў, Герояў Сацыялістычнай Працы, удастоеных гэтага звання за заслугі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У памеры Br8 млн дапамога будзе аказана інвалідам і ўдзельнікам ВАВ, якія прымалі ўдзел у абароне Айчыны да 3 верасня 1945 года, а таксама асобам, якія прымалі ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб`ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943-1945 гадах.
Аднаразовую матэрыяльную дапамогу ў памеры Br3,5 млн акажуць узнагароджаным ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады ВАВ; тым, хто ўдзельнічаў у будаўніцтве абарончых збудаванняў, хто ствараў ваенныя аб`екты, абслугоўваў прыфрантавыя ўчасткі чыгунак і аўтамабільных дарог; блакаднікам Ленінграда; членам сем`яў ваеннаслужачых, партызанаў і падпольшчыкаў, якія загінулі або прапалі без вестак у час баявых дзеянняў у гады вайны (жонцы (мужу), якая не ўступіла (які не ўступіў) у новы шлюб, дзецям (у тым ліку ўсыноўленым) і іншым утрыманцам, якім устаноўлена павышэнне пенсіі па ўказанай падставе ў адпаведнасці з заканадаўствам); інвалідам з дзяцінства ў выніку ранення, кантузіі і калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд ВАВ або з іх наступствамі; былым вязням фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месц прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны, якім устаноўлена павышэнне пенсіі па гэтай падставе.
Нагадаем, у чэрвені мінулага года да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у адпаведнасці з указам нумар 54 была праведзена выплата аднаразовай матэрыяльнай дапамогі 50,1 тыс. ветэранаў і асоб, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, на агульную суму Br235,9 млрд.
Аказанне матэрыяльнай дапамогі - чарговы крок па падтрымцы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У Беларусі пастаянна ажыццяўляецца комплекс мер па ўзмацненні сацыяльнай абароненасці прадстаўнікоў старэйшага пакалення, павышэння якасці жыцця ветэранаў, асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў.
Улічваючы асаблівы статус ветэранаў ВАВ, заканадаўча ўстаноўлены павышэнні да іх пенсій у памеры ад 50 працэнтаў да 500 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце (у лютым бягучага года - ад Br178,5 тыс. да Br1 млн 785,1 тыс.). У лютым сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў інвалідаў вайны складаў Br4 млн 840 тыс. (для параўнання: сярэдні памер пенсіі па ўзросце - Br2 млн 748,5 тыс.).
Паводле слоў спецыяліста, рэзультатыўнасць работы па аказанні патрымкі ветэранам у многім залежыць ад зладжанай работы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, ветэранскіх і іншых грамадскіх арганізацый, міжведамаснага ўзаемадзеяння.
Эфектыўна працуе Міжведамасная камісія па праблемах пажылых людзей, ветэранаў і асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, грамадскіх арганізацый ветэранаў і БРСМ. Члены міжведамаснай камісіі ажыццяўляюць незалежны кантроль за станам работы па аказанні дапамогі ветэранам, якія штогод выязджаюць у рэгіёны, каб на месцах вывучыць пытанні арганізацыі і правядзення абследаванняў умоў жыцця ветэранаў вайны, парадак прадастаўлення ім ільгот і аказання неабходнай дапамогі.
Дзеючая сістэма мер сацыяльнай падтрымкі, прадастаўлення льгот і гарантый ветэранам вайны і асобам, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, рэалізуецца ва ўсіх рэгіёнах у поўным аб`ёме, падкрэслілі ў міністэрстве. Мерапрыемствы па сацыяльнай падтрымцы ветэранаў ажыццяўляюцца ў цесным узаемадзеянні з ветэранскімі арганізацыямі (у структуру Беларускага грамадскага аб`яднання ветэранаў уваходзяць: 6 абласных, Мінская гарадская, 12 галіновых, 11 гарадскіх, 142 раённыя і 6055 пярвічных ветэранскіх арганізацый).
Ва ўсіх населеных пунктах штогод праводзяцца абследаванні матэрыяльна-бытавога становішча ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і асоб, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, з мэтай выяўлення праблем іх жыццядзейнасці і аказання неабходнай сацыяльнай падтрымкі. Просьбы, што паступаюць, улічваюцца і выконваюцца ў адпаведнасці з зацверджанымі ў выканкамах, гарадскіх адміністрацыях, сельскіх выканкамах планамі мерапрыемстваў. Ажыццяўляецца штоквартальны маніторынг выканання заявак, што паступілі. Са студзеня бягучага года праводзіцца чарговае абследаванне ўмоў жыцця, усе заяўкі ўлічваюцца і будуць выкананы на працягу года ў адпаведнасці з прадугледжаным на гэтыя мэты фінансаваннем.
Пры неабходнасці ветэранам аказваецца і дадатковая матэрыяльная падтрымка за кошт сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, мясцовых бюджэтаў, а таксама арганізацый, у якіх працавалі ветэраны да выхаду на пенсію.
Работа, накіраваная на паляпшэнне сацыяльна-бытавых умоў жыцця і аказанне дадатковай сацыяльнай падтрымкі ветэранам і асобам, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, у цэлым мае сістэмны характар і будзе прадоўжана ў далейшым, запэўнілі ў міністэрстве.
У Беларусі, паводле даных на 1 студзеня бягучага года, пражывалі 17 тыс. 773 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. З іх 12 тыс. удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, сярод якіх 3,2 тыс. чалавек з`яўляюцца інвалідамі ВАВ.
На 1 студзеня гэтага года ў рэспубліцы налічвалася 4,8 тыс. чалавек, узнагароджаных ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады вайны, а таксама 300 чалавек, якія працавалі на аб`ектах проціпаветранай абароны, будаўніцтве абарончых збудаванняў, прыфрантавых участках чыгунак і аўтамабільных дарог.
У Беларусі на 1 студзеня было 79 чалавек, якія прымалі ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб`ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943-1945 гадах. У краіне жывуць больш за 600 чалавек, якія працавалі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях Ленінграда ў перыяд блакады і ўзнагароджаных медалём "За абарону Ленінграда", а таксама знакам "Жыхару блакаднага Ленінграда".
Акрамя таго, у Беларусі налічваецца 847 інвалідаў з дзяцінства ў выніку ранення, кантузіі, калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны або з іх наступствамі. Членамі сем`яў загінуўшых воінаў і партызанаў з`яўляюцца 1,9 тыс. чалавек; былымі вязнямі фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месц прымусовага ўтрымання - 25,9 тыс. чалавек.
1 красавіка 2015, Мінск
Алена Прус - БЕЛТА
1 красавіка 2015, Мінск
Алена Прус - БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/756/30316
Текущая дата: 15.11.2024