Асноўныя тэмы святкавання 97-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) — незалежнасць Беларусі, салідарнасць з Украінай, пратэст супраць антыдэмакратычнай палітыкі беларускіх улад.
Мінгарвыканкам дазволіў акцыю, але скарэктаваў час яе правядзення, матывуючы гэта тым, што вулічнае шэсце ў гадзіны пік (з 17.00 да 20.00) нібы стварае шмат нязручнасцяў мінчанам, якія вяртаюцца з працы. Арганізатары расцанілі перанос часу як спробу сарваць святкаванне Дня Волі, але вырашылі падпарадкавацца рашэнню гарвыканкама і правесці шэсце і мітынг з 15.00 да 18.00.
14.50. На месцы збору ўдзельнікаў акцыі — каля кінатэатра "Кастрычнік" — знаходзяцца больш за паўсотню чалавек, пераважна моладзь. Некаторыя трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі. У іх ліку — былы палітзняволены, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец. Ёсць супрацоўнікі міліцыі ў форме і цывільным. На прылеглых вуліцах журналісты заўважылі некалькі аўтамабіляў для перавозкі зняволеных (аўтазакаў).
15.00. "Самае галоўнае пытанне на сёння — незалежнасць Беларусі", — заявіў Павел Севярынец. "Мы за мір, але мы гатовыя абараняць сваю Беларусь. Як вы бачыце, большасць прысутных — гэта моладзь. Людзі, якія нягледзячы на нязручны час, узялі адгул на працы, прапусцілі пары, але прыйшлі", — сказаў ён.
"Мінгарвыканкаму павінна быць сорамна, паколькі яны хацелі, пераносячы акцыю на такі ранні час, дамагчыся невялікай колькасці людзей, але гэтага ў іх не атрымалася", — дадаў палітык.
Цяпер на пляцоўцы перад кінатэатрам "Кастрычнік" знаходзіцца прыкладна 100—150 чалавек. Многія з іх трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі, сцягі Украіны і Еўрасаюза, некаторыя — паветраныя шарыкі з выявай "Пагоні".
15.15. Прыблізна трыста ўдзельнікаў акцыі перыядычна скандуюць лозунг "Жыве Беларусь!". Яны трымаюць прыкладна два дзясяткі бел-чырвона-белых сцягоў і расцяжкі з надпісамі: "Мы — еўрапейцы", "Беларусь у Еўропу!", "Крым — Украіне, шчасце краіне!". Сярод прысутных — лідары Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, намеснікі старшыні руху "За Свабоду" Юрый Губарэвіч і Алесь Лагвінец.
15.20. Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі не лічыць рэальнай пагрозу зрыву сённяшняй акцыі прадстаўнікамі так званага руху "Антымайдан". "Заявы гэтых антымайданаўцаў былі скіраваныя на тое, каб напалохаць людзей, стварыць напружаную атмасферу. Аднак яны ўяўляюць сабою толькі маргіналізаваныя супольнасці, за якімі ніхто не стаіць. Прэсе не варта было звяртаць на іх так шмат увагі", — лічыць палітык.
Паводле яго слоў, практыка мінулых гадоў паказвае, што правакацыі могуць быць толькі з боку ўлад і супрацоўнікаў міліцыі.
Рымашэўскі падкрэсліў, што Дзень Волі — гэта нацыянальнае свята, без якога "немагчыма ўявіць незалежную Беларусь".
"Незалежнасць Беларусі будуецца не на асобе нейкага аднаго чалавека, які завецца прэзідэнтам, а на беларускім народзе і яго каштоўнасцях", — заявіў ён.
"Незалежнасць Беларусі будуецца не на асобе нейкага аднаго чалавека, які завецца прэзідэнтам, а на беларускім народзе і яго каштоўнасцях", — заявіў ён.
Рымашэўскі прагназуе, што сёлета колькасць удзельнікаў святкавання Дня Волі ў Мінску будзе значна меншая, чым раней.
Палітык вінаваціць у гэтым гарвыканкам, які перанёс час правядзення акцыі на дзве гадзіны раней, чым было заяўлена (не з 17.00 да 20.00, а з 15.00 да 18.00).
Палітык вінаваціць у гэтым гарвыканкам, які перанёс час правядзення акцыі на дзве гадзіны раней, чым было заяўлена (не з 17.00 да 20.00, а з 15.00 да 18.00).
А Павел Севярынец прагназуе, што лік удзельнікаў сённяшняй акцыі будзе прыкладна такім жа, як летась.
Некалькі ўдзельнікаў акцыі, баючыся правакацый, папрасілі міліцыянераў адвесці ад месца збору нецвярозага чалавека, што і было зроблена. Прысутныя перыядычна скандуюць: "Жыве Беларусь!", "Слава Украіне! Героям слава!", "Смерць ворагам!".
15.50. Цяпер каля кінатэатра "Кастрычнік" сабралася прыкладна 400 чалавек. Некаторыя прыйшлі на акцыю ў адзенні з элементамі арнаменту і іншымі нацыянальнымі сімваламі. Хтосьці падняў дзяржаўны сцяг Азербайджана. Час ад часу дэманстранты спяваюць песні груп "Ляпіс Трубяцкой", N.R.M. і песні на вершы Максіма Багдановіча.
16.00. Пачалося шэсце. Удзельнікі, больш за 500 чалавек, пачалі шэсце да месца правядзення мітынгу ў парк Дружбы Народаў.
16.05. У калоне ўдзельнікаў шэсця — больш за 800 чалавек. Да пачатку руху ў галаве калоны з`явіўся невядомы малады чалавек моцнага целаскладу ў майцы з надпісам "Београдски синдикат". Ён назваўся нейкім Аляксеем Пятровічам, паводзіў сябе задзірліва, патрабаваў ад удзельнікаў адказаць, для чаго яны сабраліся і "як суадносяцца незалежная Беларусь і Еўрасаюз". Удзельнікі акцыі палічылі яго правакатарам і заклікалі дэманстрантаў не ўступаць з ім у палеміку.
16.30. Арганізатары вырашылі адмовіцца ад правядзення мітынгу. Пра гэта яны апавясцілі ўдзельнікаў шэсця праз гукаўзмацняльнік.
Дэманстрантаў заклікалі разысціся пасля таго, як калона дасягне будынка рэстарана "Макдональдс" каля плошчы Бангалор. Мітынг з канцэртам, нагадаем, планавалася правесці ў бліжэйшым парку Дружбы Народаў з 17.00 да 18.00.
Дэманстрантаў заклікалі разысціся пасля таго, як калона дасягне будынка рэстарана "Макдональдс" каля плошчы Бангалор. Мітынг з канцэртам, нагадаем, планавалася правесці ў бліжэйшым парку Дружбы Народаў з 17.00 да 18.00.
Тлумачачы рашэнне адмовіцца ад мітынгу, адзін з заяўнікаў акцыі, лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сказаў: "З улікам вопыту мінулых гадоў, калі да мітынгаў назіралася найменшая цікавасць дэманстрантаў, мы прынялі рашэнне не праводзіць яго. У той сітуацыі, калі не атрымалася арганізаваць канцэрт, калі не будзе якаснага гуку, мы вырашылі годна завяршыць акцыю, калі людзі будуць на ўздыме, а не расчараваныя".
Музыканты адмовіліся ад удзелу ў канцэрце, у тым ліку з-за таго, што гарвыканкам перанёс час акцыі на дзве гадзіны раней.
16.35. Студэнты паведамляюць у сацсетках, што сёння ў ВНУ быў узмоцнены кантроль за пропускамі заняткаў, дэканаты праводзяць праверкі, а ўсіх адсутных "аўтаматычна прылічаюць да ўдзельнікаў акцыі".
16.45. Удзельнікі шэсця, больш за тысячу чалавек, дайшлі да парку Дружбы Народаў на плошчы Бангалор. Адзін з арганізатараў акцыі, актывіст руху "За Свабоду" Мікіта Семяненка, заклікаў усіх разысціся, аднак частка дэманстрантаў вырашыла адправіцца ў парк, дзе з 17 да 18 гадзін планаваўся мітынг.
16.55. У парку Дружбы Народаў арганізатары ў чарговы раз абвясцілі пра адмену мітынгу. У прыватнасці, Аляксей Янукевіч паведаміў, што мерапрыемства было вырашана завяршыць дэманстрацыяй, і прапанаваў удзельнікам прадоўжыць адзначаць Дзень Волі "ў кавярнях, барах, дома, з сябрамі".
Янукевіч ацаніў вынікі мерапрыемства станоўча. "Усё прайшло выдатна. Тысячы беларусаў узялі ўдзел, выйшлі сказаць сваё слова ў абарону незалежнасці Беларусі і ў знак салідарнасці з Украінай", — сказаў ён.
Людзі пачынаюць разыходзіцца, але асноўная частка дэманстрантаў пакуль знаходзіцца ў парку Дружбы Народаў, яны скандуюць лозунгі і спяваюць песні.
17.20. У парку Дружбы Народаў застаецца каля трохсот чалавек. Яны стаяць, размаўляюць адзін з адным. Тэрыторыю патрулююць супрацоўнікі міліцыі. Яны патрабуюць ва ўсіх, хто выходзіць з парку з бел-чырвона-белымі сцягамі, згарнуць іх. Некалькі чалавек адмовіліся гэта зрабіць, і ім прыйшлося вярнуцца назад ў парк.
Інфармацыі пра якія-небудзь затрыманні падчас акцыі на гэты момант няма. Назіранне за шэсцем вялі праваабаронцы з Беларускага Хельсінкскага камітэта і закрытага ўладамі цэнтра "Вясна".
Захар Шчарбакоў, Сяргей Каралевіч
БелаПАН, 25 сакавіка 2015
БелаПАН, 25 сакавіка 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/758/30230
Текущая дата: 15.11.2024