Гэта замацавана ўказам № 211 ад 20 мая 2015 года, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У Беларусі ўнесены змяненні і дапаўненні ў парадак рэалізацыі асобных відаў круглых лесаматэрыялаў у нарыхтаваным выглядзе на ўнутраным рынку.
"Указ прыняты ў мэтах удасканалення парадку рэалізацыі асобных відаў круглых лесаматэрыялаў у нарыхтаваным выглядзе на ўнутраным рынку, рацыянальнага выкарыстання лясоў, забеспячэння эканамічных інтарэсаў дзяржавы ў галіне лесакарыстання", — гаворыцца ў каментары прэс-службы канцэрна "Беллеспаперапрам".
У мэтах развіцця і падтрымкі імпартазамяшчальных вытворчасцяў унесены змяненні і дапаўненні ў правілы рэалізацыі драўніны, згодна якімі асобныя віды круглых лесаматэрыялаў у нарыхтаваным выглядзе будуць рэалізоўвацца па-за біржавым гандлем па грамадзянска-прававых дагаворах з юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі.
Такім чынам, па грамадзянска-прававых дагаворах арганізацыям канцэрна "Беллеспаперапрам", якія ажыццяўляюць рэалізацыю найважнейшых інвестыцыйных праектаў, для ўласнай вытворчасці і спажывання будуць адпускацца балансавая драўніна, сыравіна драўняная тэхналагічная і фанернае бервяно.
Як растлумачылі ў прэс-службе канцэрна, гэта абумоўлена тым, што асноўнымі спажыўцамі фанернага бервяна, сыравіны драўнянай тэхналагічнай у Беларусі з`яўляюцца арганізацыі "Беллеспаперапрама". Сасновыя балансы спажывае адзінае ў краіне прадпрыемства — ААТ "Светлагорскі ЦКК", яловыя балансы — РУП "Завод газетнай паперы". У перспектыве спажыўцом балансавай драўніны ліставых парод стане філіял "Добрушская папяровая фабрыка "Герой працы" ААТ "Кіруючая кампанія холдынгу "Беларускія шпалеры", дзе будуецца завод па выпуску мелаваных і немелаваных відаў кардона.
"Такім чынам, набыццё лясной сыравіны па грамадзянска-прававых дагаворах у канкрэтных пастаўшчыкоў дазволіць знізіць яе цану як за кошт выключэння біржавых збораў (камісійных плацяжоў), так і за кошт аптымізацыі лагістычнай структуры паставак і зніжэння транспартных выдаткаў пры перавозцы драўніны", — адзначыла прэс-служба.
Паводле ацэнкі канцэрна "Беллеспаперапрам", сумарная эканомія ад набыцця толькі балансавай драўніны і тэхналагічнай сыравіны, абыходзячы біржавыя таргі, у 2015 годзе складзе прыкладна 35 млрд. рублёў, а пры наступным павелічэнні аб`ёмаў вытворчасці ў 2016 годзе — больш за 56 млрд. рублёў.
Як адзначылі ў канцэрне, гарантам забеспячэння прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці неабходным аб`ёмам сыравіны стане таксама забарона на экспарт балансаў, сыравіны драўнянай тэхналагічнай і піловачнага бярвення з 1 студзеня 2016 года. Гэта таксама замацавана ўказам № 211.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 28 мая 2015
Мінск, 28 мая 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/758/31167
Текущая дата: 31.12.2024