Белорусский портал в Казахстане

Зарплаты праграмістаў у Беларусі сёння вышэйшыя, чым у шэрагу краін Усходняй Еўропы



Аб гэтым заявіў 20 сакавіка дырэктар дзяржаўнай установы "Адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій" Валерый Цапкала ў час анлайн-канферэнцыі "Падтрымка інавацыйнага прадпрымальніцтва ў Беларусі" на сайце БЕЛТА

Адказваючы на пытанне, ці будуць расці зарплаты мінскіх праграмістаў і ці не завышаны сённяшнія расцэнкі, Валерый Цапкала растлумачыў, што ўзровень заработнай платы залежыць ад попыту і прапанавання. "Попыт выклікае прапанаванне, і завышаныя зарплаты - гэта якраз вынік попыту на беларускіх праграмістаў", - адзначыў ён.

Паводле слоў дырэктара ПВТ, сёння зарплаты беларускіх праграмістаў вышэйшыя, чым у іх калег у Чэхіі, Польшчы, Венгрыі і шэрагу іншых краін Усходняй Еўропы.

Што ж датычыцца росту, то, на думку Валерыя Цапкалы, гэта магчыма ў выпадку, калі будуць узнікаць прадуктовыя кампаніі (не тыя, якія проста аказваюць паслугу, а распрацоўваюць свае прадукты). "Калі гэты прадукт з`яўляецца камерцыйна вельмі паспяховым, то кампанія, зразумела, можа сабе дазволіць плаціць даволі высокія зарплаты", - растлумачыў свой пункт гледжання дырэктар ПВТ.

20 сакавіка 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/759/30158
Текущая дата: 15.11.2024