Белорусский портал в Казахстане

Амаль 30 тыс. грамадзян Беларусі прынялі ўдзел у вайне ў Афганістане



Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Каля 30 тыс. грамадзян Беларусі прайшлі цераз горан вайны ў Афганістане. 

Больш як 1,5 тыс. чалавек атрымалі раненні, кантузіі, калецтвы на той вайне, 718 - вярнуліся дадому інвалідамі (на сённяшні дзень іх налічваецца 599 чалавек), 771 - загінуў, у тым ліку 4 жанчыны, 12 чалавек лічацца прапаўшымі без вестак.

Штогод 15 лютага адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Да памятнай даты рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання, аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам праводзяцца мерапрыемствы па абследаванні ўмоў жыцця членаў сем`яў загінуўшых, інвалідаў, аказанні ім матэрыяльнай падтрымкі, рамонце і прывядзенні ў парадак магіл загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Меры сацыяльнай абароны ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў прадугледжаны законамі "Аб ветэранах" і "Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян". У рэспубліцы рэалізуецца Комплексная праграма развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады. Падпраграмай "Сацыяльная падтрымка ветэранаў, асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, пажылых людзей і інвалідаў" прадугледжаны мерапрыемствы па аказанні інвалідам вайны і членам сем`яў загінуўшых ваеннаслужачых розных відаў дапамогі; па правядзенні медаглядаў ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, асоб, пацярпелых ад наступстваў войнаў, са складаннем плана лячэбна-рэабілітацыйных мерапрыемстваў; па вырабе і рамонце тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі на аснове камплектуючых, закупленых за мяжой.

13 лютага 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/766/29640
Текущая дата: 15.11.2024