Белорусский портал в Казахстане

Сацыяльная накіраванасць - прыярытэт бюджэту 2024 года



Аб гэтым заявіў прэм`ер-міністр Раман Галоўчанка ў час сустрэчы ў Авальнай зале Дома ўрада з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі па разглядзе праектаў законаў Рэспублікі Беларусь "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2024 год", "Аб змяненні Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь".

"Пры распрацоўцы праекта закона на 2024 год было прынята ўзгодненае рашэнне фармаваць бюджэт на аснове сцэнарыя прагнозных параметраў развіцця эканомікі. Сацыяльная накіраванасць - прыярытэт бюджэту будучага года. Запланавана павелічэнне расходаў кансалідаванага бюджэту на адукацыю - на 13,8 працэнта (усяго Br11,8 млрд), ахову здароўя - на 11,6 працэнта (Br11,6 млрд), заработную плату. Фонд аплаты працы павялічыцца на 12,4 працэнта і складзе Br26,2 млрд", - расказаў Раман Галоўчанка.

Пры гэтым будзе забяспечана своечасовае выкананне ўсіх абавязацельстваў па пагашэнні дзяржаўнага доўгу, бюджэтная падтрымка экспарцёраў будзе павялічана на 20 працэнтаў, адзначыў прэм`ер-міністр.

"Увесь пакет прагнозных дакументаў сфармаваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі кіраўніка дзяржавы і нацэльвае і ўрад, і ўсю вертыкаль улады на напружаную работу па збалансаваным развіцці краіны", - дапоўніў Раман Галоўчанка.

23 кастрычніка 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/77/71273
Текущая дата: 17.11.2024