2014 год увайшоў у пяцёрку самых цёплых гадоў у гісторыі метэаназіранняў у Беларусі, якія вядуцца з 1881 года.
Аб гэтым паведаміла начальнік аддзела клімату Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Алена Камароўская.
«Сярэдняя гадавая тэмпература ў 2014 годзе склала плюс 7,8 градуса, што на два градусы перавысіла кліматычную норму. Такім чынам, мінулы год увайшоў у пяцёрку самых цёплых гадоў у гісторыі метэаназіранняў у Беларусі», — сказала Алена Камароўская.
Паводле яе слоў, уся плеяда цёплых гадоў прыпадае на перыяд пацяплення, які пачаўся з 1989 года. «Самымі цёплымі былі 1989 і 2008 гады з сярэднегадавой тэмпературай плюс 8 градусаў», — растлумачыла Алена Камароўская.
У 2014 годзе цёплымі былі ўсе сезоны, пры гэтым найбольшая станоўчая анамалія назіралася вясной, калі сярэдняя тэмпература паветра па рэспубліцы склала 9,5 градуса. «Такая цёплая вясна ў Беларусі адзначана ўпершыню. Да 2014 года самай цёплай лічылася вясна 2007 года з сярэдняй тэмпературай паветра плюс 8,9 градуса», — адзначыла начальнік аддзела.
Самымі халоднымі месяцамі ў мінулым годзе былі студзень і чэрвень — сярэдняя тэмпература паветра была ніжэйшая за кліматычную норму на 0,2 і 0,6 градуса адпаведна.
Звязда, 8 студзеня 2015
Звязда, 8 студзеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/775/28908
Текущая дата: 15.11.2024