Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў 9 студзеня прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва, "Беларускі спартыўны Алімп"



Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў Палацы Рэспублікі.

Прэміяй "За духоўнае адраджэнне" адзначаны калектывы Рэспубліканскага інтэрната ветэранаў вайны і працы і вучэбна-вытворчых майстэрань прыхода храма абраза Божай Маці "Усіх тужлівых Радасць". Прэзідэнт адзначыў: "Беларускі народ заўсёды імкнуўся да стваральнага жыцця, заснаванага на працавітасці, справядлівасці, узаемадапамозе. Таму спакон веку ў пашане ў нас людзі, якія працуюць у імя падтрымання гэтых асноватворных маральных прынцыпаў. Мы ўзнагароджваем тых, хто прысвяціў жыццё справам міласэрнасці і дапамогі блізкім". 

Прэзідэнт падкрэсліў, што адна з галоўных мэт беларускай дзяржавы - стварэнне ўмоў для самарэалізацыі маладых грамадзян, гатовых прыкласці свае сілы і здольнасці на карысць Айчыны. "І ў гэты ўрачысты дзень мы аддаём даніну павагі людзям, якія дзень пры дні працуюць на дасягненне гэтай мэты. Высокіх узнагарод удастоены Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр "Зубраня", Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Бягучы год - гэта год 70-годдзя Вялікай Перамогі, нагадаў Аляксандр Лукашэнка. "У Беларусі робіцца ўсё магчымае для захавання памяці пра яе. Мы ахоўваем гістарычную праўду і стараемся атрымліваць з яе бясцэнныя ўрокі. Дзякуючы працы, таленту работнікаў культуры ў мінулым годзе ўведзены ў строй сучасны будынак Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і створана новая экспазіцыя ў мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой". Заслугі гэтых калектываў мы сёння таксама адзначаем", - дадаў Аляксандр Лукашэнка. 

У час цырымоніі ўшаноўвалі і тых, хто выхоўвае будучых чэмпіёнаў. "Мы хочам, каб здаровы лад жыцця, любоў да спорту, актыўнага адпачынку ў людзей розных узростаў таксама сталі добрай традыцыяй. І, вядома, наша краіна павінна прырастаць яркімі трыумфамі беларускіх прафесійных спартсменаў, якія звязалі сваё жыццё са спортам вышэйшых дасягненняў", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь даўно і трывала заняла месца ў ліку спартыўных дзяржаў. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што мінулы год быў адзначаны яркімі і памятнымі для беларусаў спартыўнымі падзеямі. "Упершыню за ўсю гісторыю суверенай Беларусі мы прымалі сусветны чэмпіянат. Нашы спартсмены дастойна паказалі сябе і на Олімпійскіх гульнях у Сочы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ўручэнне прэмій "За духоўнае адраджэнне", спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва, "Беларускі спартыўны Алімп" пацвярджае старажытную ісціну: добрыя справы заўсёды ўзнагароджваюцца. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў узнагароджаным за тое, што яны паказваюць прыклад служэння грамадству і шчырай любові да роднай зямлі.

Па выніках 2014 года прысуджаны пяць прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне". Сярод лаўрэатаў гэтай высокай узнагароды - аўтарскі калектыў у складзе настаяцеля рэлігійнай абшчыны "Прыход храма абраза Божай Маці "Усіх тужлівых Радасць" у Мінску Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы протаіерэя Ігара Карасцялёва і дацэнта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Марыны Краўцовай. Іх намаганнямі створаны вучэбна-вытворчыя майстэрні пры названым прыходзе для сацыялізацыі людзей з цяжкімі захворваннямі. Лаўрэатам прэміі стаў таксама калектыў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, які ўвасобіў нацыянальна-гістарычную тэматыку ў балеце "Вітаўт". Сярод лаўрэатаў і калектыў Рэспубліканскага інтэрната ветэранаў вайны і працы, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё дзяржаўнай сістэмы сацыяльнай абароны, умацаванне ідэй чалавекалюбства і міласэрнасці ў грамадстве. Гэтай узнагароды ўдастоены і Цэнтральны камітэт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, што ўнёс значны ўклад у грамадзянскае выхаванне і фарміраванне патрыятычнай самасвядомасці моладзі.

Кіраўнік дзяржавы прысудзіў 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі: ансамблю песні і танца "Медуніца" Магілёўскай абласной філармоніі, аўтарскаму калектыву тэлеканала "Сталічнае тэлебачанне" ў складзе дырэктара дырэкцыі спецыяльных праектаў Аляксея Адашкіна, карэспандэнта спецыяльнай службы карэспандэнтаў дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання Вольгі Макей; аўтарскаму калектыву ў складзе супрацоўнікаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алены Боганевай і Тамары Варфаламеевай, педагога Цэнтра дадатковай адукацыі "Ветразь" Кастрычніцкага раёна г.Мінска Мікалая Козенкі.

Узнагароды ўдастоены таксама аўтарскі калектыў у складзе дацэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Людмілы Дамнянковай, дырэктара творча-эксперыментальнага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства "Гударт" Пятра Лабковіча, супрацоўніка Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Барыса Лазукі. Прэміі ўдастоены калектыў мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой". Сярод узнагароджаных - калектыў творчых майстэрань "Цэнтра сучасных мастацтваў", калектыў Неглюбскага сельскага цэнтра ткацтва Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Прэмія прысуджана галоўнаму спецыялісту прадпрыемства "Мінская спадчына" Сяргею Багласаву, мастаку-скульптару, члену Беларускага саюза мастакоў Сяргею Бандарэнку, прафесару кафедры малюнка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзіміру Ганчаруку.

Лаўрэатамі прэмій "Беларускі спартыўны Алімп" сталі спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы Марына Арзамасава, трэнер-выкладчык установы "Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па гімнастыцы мастацкай" Ірына Ільянкова, трэнер-выкладчык па лёгкай атлетыцы ўстановы "Мінская спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву нумар 2 БФСТ "Дынама" Наталля Шыкаленка.

9 студзеня 2015, Мінск
Святлана Саўко - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/775/28917
Текущая дата: 15.11.2024