Адпаведны ўказ кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў 30 снежня, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Па выніках 2014 года прысуджаны пяць прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне".
Прэміямі Прэзідэнта Беларусі "За духоўнае адраджэнне" адзначаны аўтарскія і працоўныя калектывы за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы.
Сярод лаўрэатаў гэтай высокай узнагароды - аўтарскі калектыў у складзе настаяцеля рэлігійнай абшчыны "Прыход храма абраза Божай Маці "Усіх тужлівых Радасць" у Мінску Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы протаіерэя Ігара Карасцялёва і дацэнта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Марыны Краўцовай. Іх намаганнямі створаны навучальна-вытворчыя майстэрні пры названым прыходзе для сацыялізацыі людзей з цяжкімі захворваннямі.
Лаўрэатам прэміі стаў таксама калектыў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, які ўвасобіў нацыянальна-гістарычную тэматыку ў балеце "Вітаўт".
У ліку лаўрэатаў і калектыў Рэспубліканскага інтэрната ветэранаў вайны і працы, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё дзяржаўнай сістэмы сацыяльнай абароны, умацаванне ідэй чалавекалюбства і міласэрнасці ў грамадстве.
Лаўрэатам прэміі стаў калектыў Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра "Зубраня", які дасягнуў значных поспехаў у развіцці здольнасцей таленавітых і адораных дзяцей і падлеткаў, выхаванні будучых грамадскіх лідараў.
Гэтай узнагароды ўдастоены і Цэнтральны камітэт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, які ўнёс значны ўклад у грамадзянскае выхаванне і фарміраванне патрыятычнай самасвядомасці моладзі.
Прыняцце ўказа з`яўляецца яскравым сведчаннем пастаяннай увагі дзяржавы да пытанняў фарміравання ў беларускім грамадстве здаровай духоўнай атмасферы, захавання і прымнажэння нацыянальнага культурнага здабытку, выхавання любові да Айчыны, распаўсюджвання ідэй чалавекалюбства і міласэрнасці.
31 снежня 2014, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА
31 снежня 2014, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/776/28828
Текущая дата: 15.11.2024