Паўторная дэстабілізацыя эканамічнай і фінансавай сітуацыі ў Беларусі недапушчальная, заявіў Аляксандр Лукашэнка, прадстаўляючы 30 снежня на пасадзе старшыні праўлення Нацыянальнага банка Паўла Калаура.
"Гэтага ў краіне больш быць не можа. Нават з самых неймаверна цяжкіх сітуацый мы павінны выходзіць годна. Запомніце, гэта ваша перадусім зона адказнасці, ваша задача. Крый божа гэта паўторыцца. І меры ў дачыненні да вас будуць распачатыя самыя жорсткія", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Паводле слоў Лукашэнкі, ён даў Нацбанку самыя сур`ёзныя паўнамоцтвы для таго, каб ў краіне нармальна функцыянавала сістэма банкаўскай справы. У Беларусі, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, Нацбанк больш не будзе "рэгулятарам невядома чаго, таму што камерцыйныя банкі ні ад каго не залежаць, яны самастойныя, ім нельга ўказаць, ім нельга даручыць штосьці".
"Вы павінны кіраваць усімі банкамі ў краіне так, як вы лічыце патрэбным у імя вырашэння тых задач, якія стаяць перад Нацыянальным банкам, — заявіў Лукашэнка. — Хопіць забаўляцца, жартаваць і гуляць у дэмакратыю. Новых узрушэнняў краіна атрымаць не павінна. Дзяржаўныя інтарэсы павінны быць вышэй за карпаратыўныя".
Лукашэнка ўсклаў на Нацбанк поўную адказнасць за функцыянаванне інстытутаў банкаўскай сістэмы. Павел Калаур, паводле яго слоў, будзе асабіста адказваць за эфектыўнасць выдачы банкамі крэдытаў. "Трэба даваць крэдыты толькі пад акупныя, жыццёва важныя для краіны праекты, пад рэальныя бізнес-планы. Калі гэта не выконваецца — значыць, банк бярэ на сябе залішнія рызыкі. Так быць не павінна. Таму ўзмацніце банкаўскі кантроль", — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Лукашэнкі, адказнасць за сродкі, якія неэфектыўна выкарыстоўваюцца, будзе несці не толькі той, хто гэтыя грошы "закапаў у зямлю", але і той, хто бачыў, што іх не вернуць, але ўсё адно выдаў.
Нагадаем, дэвальвацыя расійскага рубля справакавала ажыятажны попыт на замежную валюту ў Беларусі. 19 снежня ўрад і Нацбанк абвясцілі пра часовае ўвядзенне 30-працэнтнага збору, які абавязаны выплачваць фізічныя і юрыдычныя асобы пры куплі замежнай валюты, пасля чаго на валютным рынку ўтварылася множнасць курсаў беларускага рубля: курсы на наяўным і біржавым рынку істотна адрозніваліся. 29 снежня Нацбанк абвясціў пра зніжэнне валютнага збору да 20% "з улікам нармалізацыі сітуацыі на фінансавым і валютным рынках рэспублікі", а таксама выказаў гатоўнасць зніжаць велічыню збору надалей.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 30 снежня 2014
Мінск, 30 снежня 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/776/28833
Текущая дата: 15.11.2024