Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі дастаткова сіл, каб прайсці цяперашні перыяд спакойна



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 19 снежня, адказваючы на пытанне карэспандэнта пры наведванні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

"Вы не перажывайце: што б ні здарылася ў нашай краіне, нават калі горшы сцэнарый будзе, мы ўсё роўна за паўгода стабілізуемся дзякуючы той сістэме, якая ў нас у Беларусі створана, - жорсткай сістэме вертыкалі ўлады, жорсткіх патрабаванняў", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што апошнім часам было прынята мноства рашэнняў, у тым ліку па ўзмацненні адказнасці кіраўнікоў, працоўных калектываў, па кантролі за цэнаўтварэннем і іншых.

"І калі, не дай бог, сітуацыя недзе захістаецца, мы ўключым усе гэтыя рычагі, імгненна ўключым, і стабілізуемся, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы ўсё роўна з любой сітуацыі выкарабкаемся, таму што мы ўжо не тыя, што былі дзясятак, а, можа, і два дзясяткі гадоў таму".

"Калі нехта ўнутры і за межамі нашай краіны, а ствараецца гэты ажыятаж у нас выключна пад націскам знешніх абставін, хоча нас дэстабілізаваць - не атрымаецца!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Таму не трэба ахаць, вохкаць, трэба рыхтавацца да Новага года і Каляд", - дадаў Прэзідэнт.

"Як я ўжо сказаў, кіраўніцтва Нацыянальнага банка, урад, ды і я не зацікаўлены ў тым, каб бегчы следам за Расіяй і Украінай. Мы не хочам капіраваць тое, што адбываецца ў нашых суседзяў, у нашых братоў, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Мы з усіх сіл, не маючы такіх вялікіх рэзерваў, дапусцім, як Расійская Федэрацыя, сцяўшы зубы, трымаемся".

"І я нездарма сказаў, што ў гэтым выпадку, сітуацыя вельмі сур`ёзная, усё залежыць ад нашых людзей: будзе дэвальвацыя, не будзе, абрушым, не абрушым, абвалім, не абвалім. Гэта нашы людзі, я ў свой час аб гэтым ужо гаварыў: не бегайце як апантаныя з гэтым рублём па абменніках і не абменьвайце на валюту, не таргуйце, таму што гэта будзе мець наступствы", - сказаў Прэзідэнт.

"Вядома, людзі не дурні, яны разумеюць, што Расія абвалілася, ва Украіне вы бачыце, якая сітуацыя. А гэта нашы асноўныя рынкі, куды мы прадавалі сваю прадукцыю і адкуль атрымлівалі валюту.

Зразумела, пры такіх абвалах мы не маем тых аб`ёмаў валюты, якія былі ўчора. І яны пачынаюць неяк страхавацца. Людзі ж не разумеюць, а можа, не хочуць разумець, што ў гэтага працэсу ёсць адваротны канец, які ўдарыць іх і нас па галаве - гэта павелічэнне попыту на валюту. А калі попыт павялічыўся, значыць, павялічваецца цана валюты", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Могуць мне сказаць: слухайце, а навошта нам гэты попыт і прапанаванне, давайце неяк валюту рэгуляваць адміністрацыйна. Можна адміністрацыйна. Але ўсе ж людзі хочуць, каб была свабода: ёсць у мяне лішнія рублі - я пайшоў і купіў валюту, або мне патрэбна валюта - я яе купіў, ёсць у мяне валюта - пайду прадам і куплю рублі", - прадоўжыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, пры свабодным рыначным працэсе абмену валюты і ў іншых сектарах таксама павінна быць свабода. "Мы не можам рэгуляваць тут, а там адпускаць, даваць поўную свабоду.

Мы не можам тут куплю-продаж зрабіць свабоднымі, а недзе нешта стрымліваць. Калі свабодна - значыць свабодна", - сказаў Прэзідэнт. "Але бываюць пікі. Вось Нацыянальны банк павінен за кошт гандлю рэзервамі гэтыя пікі згладжваць. Што мы і робім да гэтага часу. Але калі людзі вырашылі перавесці частку сваіх сродкаў у валюту і павышаюць попыт на яе, валюта будзе даражэць. Што ў нас так плаўна і адбывалася, без усялякіх абвалаў", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Для нас цяпер галоўнае - не дапусціць абвалаў, не кінуцца ў вір за Расіяй, таму што мы не ведаем, які там будзе рубель і г.д. Мы ведаем адно - што мы нясём вялікія страты ў сувязі з абвалам расійскага рубля, таму што гэта наш асноўны рынак", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што на Расію прыпадае 42 працэнты беларускага экспарту і амаль 15-20 працэнтаў - на Украіну.

"Гэта значыць, сітуацыя няпростая. І, сказаўшы людзям аб тым, што мы не хочам, каб у нас абвалілася рэзка нацыянальная валюта, нам хацелася б прайсці гэты перыяд вось такім чынам спакойна. Пакуль у нас сіл для гэтага хапае", - падкрэсліў Прэзідэнт.

19 снежня 2014, Мінск
Таццяна Паляжай - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/777/28719
Текущая дата: 15.11.2024