24 снежня аднавіў працу 21 раней закрыты па рашэнні Міністэрства гандлю магазін "Мегатоп", паведаміла служба па сувязях з грамадскасцю гэтай кампаніі.
Такім чынам, можна лічыць вырашаным пытанне прыпынення працы магазінаў, звязанага з неадпаведнасцю патрабаванням указа прэзідэнта № 567 "Аб дадатковых мерах па абароне правоў спажыўцоў" ад 5 снежня.
Як паведамілі ў кампаніі "Мегатоп", яна выканала патрабаванні Міністэрства гандлю і асартымент магазінаў папоўніўся новымі таварамі беларускай вытворчасці. Пры гэтым падкрэсліваецца, што, "нягледзячы на ўсе перыпетыі, звязаныя з часовым закрыццём магазінаў, а таксама змяненнямі ў эканоміцы краіны", кампанія пакінула цэны на ранейшым узроўні, замарозіўшы іх.
У адпаведнасці з указам кампанія "Мегатоп" аператыўна заключыла дагаворы з шэрагам беларускіх вытворцаў абутку, што дазволіла прадставіць у гандлёвай сетцы ўсе тавары, пералічаныя ў асартыментным пераліку, дададзеным да ўказа прэзідэнта. Зараз у магазінах "Мегатоп" асноўны асартымент уласнай вытворчасці і ўласных гандлёвых марак дапоўнены прадукцыяй такіх вытворцаў, як ААТ "Гродзенская абутковая фабрыка "Нёман", ЗАТ "Сівельга", ААТ "Абутак", СЗАТ "ОТЫКА" і Мінскае абутковае ААТ "Прамень".
Пры гэтым кампанія паведамляе, што разглядае гэтую меру як часовую.
Адзначаецца, што "Мегатоп" мае сваю ўласную вытворчасць у Віцебску. Цяпер там выпускаецца жаночы абутак пад гандлёвай маркай Happy Family. У рознічным тавараабароце прадукцыя гэтай маркі дасягае 15%. "Улічваючы новыя рэаліі", кампанія плануе найбліжэйшым часам пашырыць свае вытворчыя магутнасці і наладзіць выпуск мужчынскага і дзіцячага абутку.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 24 снежня 2014
Мінск, 24 снежня 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/777/28761
Текущая дата: 15.11.2024