Такое меркаванне ў размове выказаў старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб`яднання ветэранаў Анатоль Новікаў.
Кіраўнік ветэранскага руху адзначыў, што ў сувязі з набліжэннем 70-гадовага юбілею Вялікай Перамогі рэзка актывізаваліся прапагандысцкія спробы, накіраваныя на скажэнне гістарычнай праўды. "У іх задача адна: зняславіць гэта светлае свята", - падкрэсліў ён.
Анатоль Новікаў на чале дэлегацыі беларускіх ветэранаў 21 лістапада ў Маскве прыняў удзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі на тэму "Ветэранскія і іншыя грамадскія арганізацыі незалежных дзяржаў у барацьбе супраць фальсіфікатараў гісторыі нашых народаў, асабліва перыяду Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў". На форуме адзначалася, што кампанія па прымяншэнні ролі Савецкага Саюза ў перамозе над фашызмам і адмаўленні выратавальнай місіі Савецкай арміі ад прыгнёту народаў Еўропы пачалася на Захадзе адразу ж пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. "Цяпер гэтыя дзеянні сталі больш кашчунскімі", - падкрэслілі ўдзельнікі канферэнцыі. Паводле іх слоў, з боку заходніх краін робяцца спробы байкатаваць святкаванне 70-годдзя Перамогі ў Маскве.
Тэма процідзеяння спробам фальсіфікаваць гісторыю стала цэнтральнай і на праведзеных у Маскве пасяджэннях Прэзідыума і Пленума Каардынацыйнага савета Міжнароднага саюза "Садружнасць грамадскіх арганізацый ветэранаў (пенсіянераў) незалежных дзяржаў". Адзначалася, што ў шэрагу ветэранскіх арганізацый, у тым ліку ў Грузіі, Малдове, Латвіі, Літве, Эстоніі, сутыкаюцца з цяжкасцямі па арганізацыі дастойнай сустрэчы юбілею Перамогі, абумоўленымі стаўленнем кіраўніцтва гэтых краін да вынікаў вайны. Асаблівую трывогу і заклапочанасць у ветэранаў выклікае палітычная абстаноўка ва Украіне.
"Саветам і камітэтам ветэранскіх арганізацый, выкарыстоўваючы ўсе формы і метады работы, неабходна выкрываць спробы паклёпнікаў і фальсіфікатараў сказіць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, прынізіць значэнне Перамогі брацкіх народаў Савецкага Саюза над германскім фашызмам, паставіць пад сумненне вызваленчы характар вайны, дыскрэдытаваць савецкае ваеннае мастацтва і савецкіх палкаводцаў", - гаворыцца ў пастанове Пленума Каардынацыйнага савета. Акрамя таго, ветэранскія арганізацыі павінны не аслабляць намаганні ў барацьбе супраць адраджэння ідэй фашызму, палітычнага, расавага экстрэмізму, прапаганды нацысцкай сімволікі, рашуча асуджаць факты праследаванняў ветэранаў вайны. Для гэтага ветэранскія арганізацыі маюць намер больш шырока выкарыстоўваць магчымасці сеткі інтэрнэт і сродкаў масавай інфармацыі.
БЕЛТА, 21 ноября 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/782/28352
Текущая дата: 15.11.2024