Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 лістапада на нарадзе аб прапановах па парадку прадастаўлення жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання асобным катэгорыям дзяржаўных служачых.
"Прашу ўлічваць, што такое жыллё з`яўляецца арэндным, і любыя спробы яго прыватызаваць або застацца там жыць пасля завяршэння выканання службовых абавязкаў недапушчальныя! - падкрэсліў Прэзідэнт. - Яшчэ раз падкрэсліваю: усё павінна быць сумленна і справядліва".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў ліпені была праведзена спецыяльная нарада, на якой разглядаліся пытанні будаўніцтва і прадастаўлення арэнднага жылля розным катэгорыям грамадзян.
"Асобнай тэмай было выдзяленне спецыяльнага службовага жылля тым дзяржаўным служачым, якім яно прызначаецца. Тады вызначыліся, што, па-першае, такое спецыяльнае жыллё прадастаўляецца кіраўнікам высокага ўзроўню і прадстаўнікам сілавых структур, менавіта тым, каму па характары работы і для забеспячэння патрабаванняў бяспекі сапраўды патрэбна такое жыллё. Прычым толькі на перыяд выканання імі службовых абавязкаў. Умовы адназначныя: працуеш на адпаведнай пасадзе - атрымліваеш жыллё, вызваляеш пасаду - вызваляеш жыллё. Гэта было маё патрабаванне", - сказаў Прэзідэнт.
"Па-другое, мы дамовіліся, што за ўсё трэба плаціць. Гэта жыллё ўваходзіць у катэгорыю арэнднага, таму той, хто яго займае, плаціць і за арэнду, і за камунальныя паслугі. Як і ўсе нашы грамадзяне", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, на нарадзе было дадзена даручэнне нанава сфарміраваць пералік пасад дзяржслужачых, якім прызначаецца спецыяльнае жыллё. "Задача ў тым, каб ні ў якім выпадку яго не пашыраць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Мне дакладваюць, што ўсе гэтыя пытанні вырашаны ў прадстаўленым урадам праекце ўказа, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Перад тым, як яго падпісаць, я прасіў, каб распрацоўшчыкі гэтага дакумента далажылі сутнасць праекта ўказа і, самае галоўнае, адказалі на пытанне - ці няма там пралазаў для якіх-небудзь дадатковых ільгот".
Кіраўнік дзяржавы цікавіўся сітуацыяй з даўгабудамі, асобнымі пытаннямі работы жыллёва-камунальнай галіны, а таксама нагадаў аб выканальніцкай дысцыпліне.
Па выніках нарады Аляксандр Лукашэнка даручыў прыняць неабходныя меры па ўнясенні праекта ўказа на разгляд кіраўніка дзяржавы з улікам праведзенага абмеркавання.
13 лістапада 2014, Мінск
Таццяна Паляжай - БЕЛТА
13 лістапада 2014, Мінск
Таццяна Паляжай - БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/784/28198
Текущая дата: 15.11.2024