Белорусский портал в Казахстане

Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва ўмацоўвае культурныя сувязі з Літвой



Як паведаміў дырэктар ВЦСМ Андрэй Духоўнікаў, адпаведнае пагадненне было падпісана ім і дырэктарам Дусяцкай мастацкай галерэі Алвідасам Стаўскасам.

Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва (ВЦСМ) пачынае супрацоўніцтва з культурным цэнтрам "Дусяцкая мастацкая галерэя" Зарасайскага раёна Літвы. 

Супрацоўніцтва культурных устаноў дзвюх краін прадугледжвае абмен выстаўкамі беларускіх і літоўскіх мастакоў; удзел навуковых супрацоўнікаў устаноў у канферэнцыях і семінарах; арганізацыю і правядзенне сумесных сустрэч, канферэнцый, семінараў, пленэраў, творчых майстэрняў і іншых мерапрыемстваў; ажыццяўленне сумесных музейных праектаў і праграм. Таксама плануецца абмен публікацыямі, навуковымі даследаваннямі і музейнымі тэхналогіямі; прадастаўленне навуковым супрацоўнікам практычнай дапамогі ў рабоце з мастакамі, арганізацыяй выставак, праектамі, архіўнымі і фондавымі матэрыяламі ў Літоўскай Рэспубліцы і Рэспубліцы Беларусь.

Для віцебскага цэнтра, які да гэтага часу супрацоўнічаў пераважна з Латвіяй, гэта пагадненне стала значным крокам ва ўмацаванні партнёрскіх сувязей з Літвой. На працягу трох гадоў ВЦСМ у гэтай краіне прэзентаваў толькі сам Андрэй Духоўнікаў, а ў бягучым годзе двойчы свае работы прадстаўляў віцебскі мастак Дзмітрый Гаралевіч.

Чакаецца, што першымі мерапрыемствамі ў кантэксце ўзаемных абменаў стануць выстаўкі віцебскіх мастакоў у Дусяцкай мастацкай галерэі, а літоўскіх - у Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва.

10 лістапада 2014, Віцебск
Кацярына Князева - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/785/28120
Текущая дата: 15.11.2024