Белорусский портал в Казахстане

Беларусь павінна быць гатова да завезеных выпадкаў адру



Аб гэтым заявіла загадчыца лабараторыі вакцынакіруемых інфекцый РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Алена Самайловіч.

За першае паўгоддзе бягучага года ў Еўрапейскім рэгіёне зарэгістравана 12 756 выпадкаў адру, 86 працэнтаў з іх былі выяўлены ў 6 краінах - Грузіі (2 838), Расіі (2 590), Украіне (1 960), Босніі і Герцагавіне (1 702), Італіі (1 377), Турцыі (499). Пры гэтым 60 працэнтаў выпадкаў зарэгістравана ў дзяцей розных узроставых груп. "Пакуль сітуацыя з адром у суседніх краінах застаецца неспрыяльнай, Беларусь не застрахавана ад гэтага захворвання", - канстатавала Алена Самайловіч.

"Насцярожанасць адносна гэтай інфекцыі павінна быць. Завезеныя выпадкі адру мы будзем адзначаць і ў далейшым. Нашы намаганні павінны быць накіраваны на тое, каб своечасова выявіць гэты выпадак, адправіць на лабараторнае даследаванне, выдзяліць вірус ад пацыента, правесці яго вывучэнне з выкарыстаннем самых сучасных малекулярна-генетычных метадаў і прадставіць інфармацыю ў міжнародную базу даных", - адзначыла загадчыца лабараторыі.

У Беларусі за апошнія 10 гадоў рэгіструюцца ў асноўным завезеныя выпадкі адру. Напрыклад, у 2013 годзе адзначана 16 выпадкаў захворвання, завезенага з Расіі, Украіны, ААЭ, Тайланда, Інданезіі, Егіпта. З пачатку бягучага года выяўлена 64 выпадкі адру. 92 працэнты захварэўшых - дарослыя. Гэта сведчыць аб тым, што курс на вакцынацыю дзіцячага насельніцтва ўзяты правільны.

"У 2014 годзе ў краіне, нягледзячы на ўскладненне эпідсітуацыі па адры, зладжаная работа санітарнай службы і ўрачоў інфекцыйнага профілю дала магчымасць спыніць распаўсюджванне віруса даволі хутка - на працягу трох месяцаў, тады як у іншых краінах Еўрапейскага рэгіёна адзначаецца пастаянная цыркуляцыя віруса адру", - сказала Алена Самайловіч.

"Беларусь уваходзіць у лік 16 краін Еўрапейскага рэгіёна, дзе эндэмічная цыркуляцыя віруса адру адсутнічае. Праграма ліквідацыі інфекцыі ў краіне выконваецца паспяхова", - дадала загадчыца лабараторыі.

3 лістапада 2014, Мінск
Святлана Васілеўская - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/786/28014
Текущая дата: 15.11.2024