Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на мерапрыемстве, прысвечаным 20-годдзю з дня ўтварэння Службы бяспекі Прэзідэнта Беларусі, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Служба бяспекі за 20 гадоў не проста адбылася, але і па праву займае дастойнае месца ў агульным сілавым блоку краіны. Прэзідэнт падкрэсліў, што "станаўленню і развіццю гэтай структуры надавалася асаблівае значэнне, таму што задачы, якія вырашаюцца службай, шматгранныя, складаныя і адказныя".
"Змяняліся назва і падыходы да выбару напрамкаў дзейнасці, абнаўляўся склад кіраўнікоў, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Крок за крокам служба набывала сваю форму, удасканальвала метады работы, назапашвала вопыт у вырашэнні адказных задач, папаўнялася новымі супрацоўнікамі, для якіх яна станавілася сапраўднай школай высокага прафесійнага майстэрства".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што не выпадкова крытэрыі адбору супрацоўнікаў у рады Службы бяспекі вельмі высокія, патрабуюць рознабаковай спецыяльнай падрыхтоўкі і псіхалагічнай устойлівасці. А клопат аб чыстаце радоў - гэта важнейшы аспект у рабоце не толькі кіраўнікоў, але і ўсяго калектыву, падкрэсліў Прэзідэнт.
У сучасных умовах новыя выклікі нацыянальнай бяспецы дыктуюць неабходнасць глыбока прадуманых падыходаў, цвёрдасці і дысцыпліны ў вырашэнні пастаўленых задач, заявіў Аляксандр Лукашэнка. "Адна з самых сур`ёзных пагроз, якой процістаіць у тым ліку і Служба бяспекі, - распаўсюджванне тэрарызму, які не прызнае геаграфічных межаў, палітычных сістэм і норм маралі", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Ён акцэнтаваў увагу на тым, што, "маючы на мэце знішчэнне асобных службовых асоб, тэрарысты не грэбуюць арганізоўваць і праводзіць свае акцыі ў месцах масавага скопішча людзей, пры гэтым ахвяры вылічваюцца дзясяткамі і сотнямі чалавечых жыццяў".
"На жаль, Беларусь не стала выключэннем у гэтым плане. Яшчэ добра помняцца агідныя па сваёй сутнасці ўзрывы ў Дзень Незалежнасці ў 2008 годзе і ў мінскім метро ў 2011 годзе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Улічваючы гэта, вашай структуры ва ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі органамі забеспячэння бяспекі неабходна ўдзяліць асаблівую ўвагу арганізацыі і правядзенню масавых культурных і спартыўных мерапрыемстваў. Пільнасць павінна быць штодзённа і паўсюдна".
Сучасны свет не стаіць на месцы. Як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, усё большае распаўсюджванне атрымліваюць навукова-тэхнічныя і інфармацыйныя сістэмы, якія набываюць прынцыпова новыя магчымасці, якасці і ўласцівасці. Але гэтыя дасягненні прымяняюць не толькі на карысць. Імі ў сваёй падрыўной дзейнасці могуць скарыстацца і агрэсіўна настроеныя дэструктыўныя арганізацыі.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што самая пільная ўвага павінна ўдзяляцца якаснаму эфектыўнаму аператыўна-тэхнічнаму забеспячэнню мерапрыемстваў з удзелам ахоўных асоб. Пошук узрыўных устройстваў, прыстасаванняў для несанкцыянаванага здымання інфармацыі з`яўляецца надзвычай важнай задачай, якая патрабуе пастаяннага ўдасканалення ведаў супрацоўнікаў усіх падраздзяленняў. Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, поспех будзе забяспечаны толькі ў тым выпадку, калі супрацоўнікі змогуць выявіць прыкметы магчымага злачынства і не дапусціць трагічных падзей. "Гэта абавязвае вас дасканала валодаць рэальнай абстаноўкай, ацэньваць наступствы яе змянення і аператыўна выпрацоўваць эфектыўныя меры. Нельга працаваць усляпую. Узровень вашага прафесіяналізму вызначаецца тым, наколькі зладжана і прафесіянальна папярэджваюцца магчымыя негатыўныя з`явы і вынікі гэтых з`яў", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аб`ектыўна ацэньваючы работу Службы бяспекі за 20 гадоў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе яе падраздзяленні свае задачы выконваюць. Супрацоўнікі Службы бяспекі Прэзідэнта Беларусі прызнаны аднымі з лепшых прафесіяналаў на постсавецкай прасторы. "Як пацвярджэнне высокага ўзроўню майстэрства трэба разглядаць нязменна высокія вынікі, якія дэманструюцца супрацоўнікамі ў ходзе розных міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтваў", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. На яго думку, асабліва прыемна адзначыць першыя месцы нашай каманды на чэмпіянаце свету па мнагабор`і целаахоўнікаў у Ялце ў 2011 годзе і на Міжнародным турніры сярод целаахоўнікаў у Румыніі ў 2013 годзе. "У сувязі з гэтым прысваенне членам каманды звання "Майстар спорту міжнароднага класа" лічу абсалютна заслужаным", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў: "Не выклікае сумнення, што асабовы склад службы здольны якасна вырашаць задачы любой складанасці, нават тыя, якія не пад сілу іншым структурам. Аднак адразу хачу сказаць, што не варта спачываць на лаўрах і нельга спыняцца на дасягнутым. Ні ў якім разе нельга зніжаць узровень патрабаванняў да асабістых і дзелавых якасцей супрацоўнікаў і кандыдатаў на службу".
Прэзідэнт Беларусі лічыць, што неабходна і далей актыўна вывучаць, распрацоўваць і, галоўнае, укараняць новыя метады выяўлення і спынення пагроз бяспецы ахоўным асобам і ахоўным аб`ектам, пры гэтым выкарыстоўваючы перадавы сусветны вопыт. Аляксандр Лукашэнка сказаў таксама, што трэба ўдасканальваць матэрыяльна-тэхнічную базу і нарошчваць інжынерна-тэхнічныя магчымасці ў інтарэсах выканання службова-баявых задач. Прэзідэнт падкрэсліў, што "непахіснымі якасцямі для кожнага супрацоўніка службы павінны заставацца вернасць і адданасць беларускаму народу і Айчыне". "Найвышэйшая адказнасць за даручаны ўчастак работы, гатоўнасць прыняць удар на сябе - гэта маральная аснова для сапраўдных прафесіяналаў, людзей гонару, грамадзянскага абавязку", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У гэты святочны дзень цёплыя словы ўдзячнасці ён адрасаваў ветэранам службы. "Сваёй адданасцю справе, патрыятызмам, прыстойнасцю і прафесіяналізмам яны задалі сапраўды высокую планку служэння Айчыне", - падкрэсліў Прэзідэнт. На яго думку, менавіта на гэты маральны паказчык павінна арыентавацца і цяперашняе пакаленне супрацоўнікаў: служыць добрасумленна і бездакорна, працаваць для людзей і ў імя людзей.
Звяртаючыся да прадстаўнікоў Службы бяспекі, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Вы, знаходзячыся побач з Прэзідэнтам, чый святы абавязак усяляць у розум людзей самае добрае, стойкасць і мужнасць, вы сваімі дзеяннямі, учынкамі і настроямі робіце тое ж самае. Не забывайце аб гэтым ні на мінуту. І помніце - у нас няма права не толькі на памылку, але і на дрэнныя паводзіны. Мы павінны быць узорам, не толькі для ваеннаслужачых, але і для ўсяго грамадства".
"Не забывайце, што нават сёння, у свята, мы на пасту, забяспечваем бяспеку нашай дзяржавы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама запэўніў: "Нашы граніцы недатыкальныя, і наш народ можа спаць спакойна".
У ходзе мерапрыемства Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў прадстаўнікоў Службы бяспекі высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі.
24 кастрычніка 2014, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА
24 кастрычніка 2014, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/788/27903
Текущая дата: 15.11.2024