Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка: я гатовы прымаць усіх украінцаў, якія хочуць жыць і працаваць у Беларусі



Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніцтвам АТ "Мотар Січ" (Украіна) заявіў аб гатоўнасці прымаць у Беларусі ўсіх украінцаў, якія захочуць прыехаць сюды жыць і працаваць.

"Прашу, каб вы не зыходзілі з цяперашняй сітуацыі, вось цяжкавата недзе ва Украіне, трэба праз Беларусь працаваць з Расіяй. Я гэтага нават не ўтойваю, гэта правільна. Я і Прэзідэнту Расіі сказаў: "Буду запрашаць усіх украінцаў, якія да мяне прыедуць, жыць, працаваць з намі, праз нас з вамі. І вы павінны гэта разумець". І непрымання гэтага не было", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, ведае аб гэтым і кіраўніцтва Украіны - і былое, і цяперашняе. "Я ім адкрыта аб гэтым таксама гаварыў. І калі яны спрабавалі са мной спрачацца, я вельмі жорстка на гэта рэагаваў", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што запрасіў кіраўніцтва кампаніі, каб з першых вуснаў пачуць аб задумах і перспектывах работы АТ "Мотар Січ" у Беларусі.

Паводле слоў Прэзідэнта, ён занепакоены работай некаторых прадпрыемстваў, па іх далейшай дзейнасці неабходна прымаць рашэнні. Адным з такіх прадпрыемстваў з`яўляецца Аршанскі авіярамонтны завод, у савет дырэктараў якога ўваходзіць кіраўніцтва АТ "Мотар Січ".

"Скажу больш: калі б вы прыйшлі на гэта прадпрыемства перакантавацца, як у нас гаварылі, або перажыць нейкія часы, або зрабіць яшчэ нешта другараднае, і не было перспектывы - няважна, гэта акцыянернае таварыства або не, набылі яго ці не набылі - у нас ёсць жорсткі вопыт паводзін з такімі акцыянерамі і такімі "прышэльцамі". Мы з імі разрывалі адносіны, нават з амерыканскімі кампаніямі. Шуму, крыку было шмат, але ўсе разумелі, што мы маем рацыю", - адзначыў беларускі лідар.

"Але я бачу, што, можа, не ў поўным аб`ёме, можа, не так, як я хацеў бы, усё ж такі гэта прадпрыемства (Аршанскі авіярамонтны завод. - Заўвага БЕЛТА) працуе не горш, прынамсі, чым было, нават лепш працуе", - дадаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што па гэтай прычыне і вырашыў сустрэцца з кіраўніцтвам кампаніі, перш чым прымаць рашэнне аб далейшым лёсе прадпрыемства. "Вы, вядома, можаце падумаць, што я не рыначна разважаю, паколькі прадпрыемства прыватнае. Ведаеце, калі б вы яго стваралі з нуля, магчыма, я не ўмешваўся б у пытанні дзейнасці прадпрыемства, за выключэннем правоў работнікаў, у тым ліку кіраўнікоў. Вось іх правы: яны павінны працаваць, атрымліваць дастойную заработную плату, іх ніхто не павінен крыўдзіць. І каб прадпрыемства працавала па законе. Усё! Далей я нікуды не ўмешваюся, калі гэта прыватнае прадпрыемства, створанае сваімі рукамі. Калі яно прыватызавана, у нас практыка такая, што мы яго кантралюем", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу на тое, што Аршанскі авіярамонтны завод быў створаны народам.

"Мы такім чынам ставімся. Можа, няправільна, але думаю, што людзі, якія працуюць ва Украіне, сёння вельмі добра разумеюць, што правільна, а што няправільна. Я вельмі баюся прышлых алігархаў сюды, вельмі баюся, каб гэтыя алігархі ў нас, не дай бог, не з`явіліся ды і не пачалі кіраваць краінай, як гэта прынята, не будзем паказваць пальцам, у іншых дзяржавах. Таму я вельмі асцярожна да гэтага пытання стаўлюся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Больш таго, вы ведаеце, як людзі на гэта рэагуюць. Нельга зневажаць і крыўдзіць людзей, - адзначыў Прэзідэнт. - Так, прадпрыемства трапіла ў складанае становішча, мы шукалі дастойных, не скажу, інвестараў, а кіраўнікоў, сумленных людзей. А сумленны чалавек, калі ён прыйдзе на гэта прадпрыемства, будзе яго развіваць". Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў выпадку дамоўленасці кіраўніцтва АТ "Мотар Січ" атрымае ўсялякую падтрымку сваёй дзейнасці. "Толькі вы мне заўсёды павінны гаварыць праўду, што вы можаце, што не можаце", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ёсць і асабісты момант. "Калі Саюз разваліўся, мне прапаноўвалі там усё закрыць, разабраць і разваліць. Але, можа, і асабістае нешта адыграла, я сказаў не, - адзначыў Прэзідэнт. - Я яго захаваю і хачу, каб гэта прадпрыемства і гэты аэрадром развіваліся". Кіраўнік дзяржавы дадаў, што для яго гэта прадпрыемства з`яўляецца вельмі важным.

"Вы павінны ведаць маю ідэалогію і мой падыход да гэтых пытанняў. Калі ў вас будуць нейкія пытанні, вы мне іх задайце, але калі мы з вамі вызначымся і дамовімся будаваць адносіны зыходзячы менавіта з гэтых ідэалагічных пастулатаў, то мы заўсёды будзем працаваць паспяхова, і вы ніколі не будзеце мець праблем у Беларусі. Гэта я вам гарантую", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

16 кастрычніка 2014, Мінск
Таццяна Паляжай - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/789/27761
Текущая дата: 15.11.2024