23 верасня на Карабанаўскіх могілках у Магілёве адбылося ўрачыстае адкрыццё новага помніка Уладзіміру Кумельскаму — заснавальніку Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага рускага тэатра імя Максіма Горкага.
Уладзімір Кумельскі (1884—1939) нарадзіўся ў Сібіры, у Томску. Творчую дзейнасць пачаў як акцёр у амплуа рэзанёра і фата, і неўзабаве набыў прызнанне публікі. Працаваў у розных антрэпрызах, з якімі гастраляваў па гарадах Расіі і Беларусі, быў рэжысёрам тэатра ў Яраслаўлі, акцёрам у тэатры Корша і ў Малым тэатры.
У 1923 годзе стварыў сваю антрэпрызу і пяць гадоў гастраляваў з ёй па Украіне і Беларусі, пасля чаго заснаваў у Бабруйску "Дэпо-тэатр", які размяшчаўся ў памяшканні гарадскога пажарнага дэпо. Пасля гэты калектыў стаў называцца Руская перасоўная трупа. У 1932 годзе трупа пераехала ў Мінск і стала асновай Рускага драматычнага тэатра БССР, які Уладзімір Кумельскі ўзначальваў у 1932—1936 гадах. Пазней працаваў у РДТ акцёрам і рэжысёрам. За сем гадоў ён паставіў на яго сцэне больш за дваццаць спектакляў.
Памёр Уладзімір Кумельскі 14 красавіка 1939 года. Сардэчны прыступ здарыўся на вакзале, адкуль рэжысёр адпраўляўся на гастролі са сваім тэатрам.
Майстар быў пахаваны ў Магілёве. Час не пашкадаваў яго магілу — надмагілле струхлела і не падлягала аднаўленню. Сіламі двух тэатраў — Магілёўскага абласнога і Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага імя Горкага — быў распрацаваны праект новага помніка і сабраны сродкі, каб увасобіць яго ў жыццё.
На цырымоніі адкрыцця новага помніка прысутнічалі прадстаўнікі абодвух тэатраў, студэнцкай моладзі, прэсы, якія аддалі даніну памяці сапраўднаму падзвіжніку беларускага тэатра.
БелаПАН, 24 верасня 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/791/27618
Текущая дата: 16.11.2024