Ахвяраў палітычных рэпрэсіяў увекавечылі ў музеі бялыніцкага сельгаспрадпрыемства "Калгас "Радзіма", што на Магілёўшчыне.
Ім прысвечаная адмысловая экспазіцыя. У ёй пералічаныя вяскоўцы, якія прайшлі праз сталінскі тэрор.
У невялікай экспазіцыі — імёны шасцідзесяці двух вяскоўцаў, якія зазналі на сабе гвалт сталінізму. Тут жа вокладкі асабістых спраў НКВД на некаторых з рэпрэсаваных, а таксама даведкі пра рэабілітацыю ды фотаздымкі з ГУЛАГа. Экспазіцыя пра ахвяраў палітычных рэпрэсіяў — сярод стэндаў, прысвечаных станаўленню савецкай улады ды калектывізацыі ў тых вёсках, якія цяпер утвараюць Вішоўскі сельсавет.
Адна са стваральніц музея Святлана Атрошчанка кажа, што экспазіцыя пра калектывізацыю адлюстроўвае гісторыю таго перыяду, якая, як адзначае супрацоўніца музея, поўніцца не аднымі заклікамі. "Мы імкнуліся ўсебакова адлюстраваць падзеі таго часу", — даводзіць суразмоўніца. — Тады ж было як — тут жа заклік "Ідзі, таварыш, да нас у калгас", а ў калгас прыйшоў, недзе не тое слова сказаў, і ў 1937 годзе за заклікі супраць савецкай улады... Вы ж паглядзіце: усе асабістыя справы — гэта артыкул, як правіла, 72-гі. А гэта — антысавецкая агітацыя. Гэта гісторыя страшная. Тады ж вывозілі сем`ямі".
Ля стэнду пра рэпрэсіі наведнікі спыняюцца і доўга ўглядаюцца ў спіс рэпрэсаваных, кажа Атрошчанка. Яна адзначае, што небагата тутэйшых ведае пра часы калектывізацыі і пра яе ахвяраў: "Людзі шукаюць знаёмыя прозвішчы па вёсках. Дый ужо прыходзяць не ўнукі, а праўнукі. Тут ёсць некалькі чалавек, якія ведаюць сваю гісторыю, могуць расказаць пра прадзедаў".
Пабыўшы ў музеі, карэспандэнт БелаПАН пагутарыў з жыхарамі Вішова пра іхняе стаўленне да сталінскіх рэпрэсіяў. Пераняты ля будынку школы, у якім музей, спадар пенсійнага веку пра часы панавання гвалту ў Савецкім Саюзе згадвае: "Мая бабуля была кулачка, і каб не было ў родзе рэпрэсаваных, дык давялося адмовіцца ад хутара і аддаць усё ў калгас. Час тады быў такі, — тлумачыць ён. — Тады была дыктатура, а без яе не можа быць парадку".
На заўвагу, што дыктатура забрала мільёны жыццяў, суразмоўнік рэагуе: "Але ж і мільёны захавала. І краіну захавала. Імперыю захавала. Але тыя, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў, зусім іншай думкі".
Яшчэ адзін суразмоўнік адразу заявіў: "Калі так цяпер разабрацца, то я кулак. І ў тыя часы таксама быў кулак, які працаваў суткамі, а потым яго рэпрэсавалі. Маіх дзядоў раскулачылі. Адправілі ў Сібір, і адтуль яны не вярнуліся. Калі б не раскулачвалі людзей тады, то мы б жылі нашмат лепей. Вось скрозь тут былі адны хутары. А цяпер прайдзі ўздоўж рэчкі — скрозь расце бур`ян. А там жа людзі ўсё ўраблялі. Тады суткамі працавалі".
Тыя часы забываць нельга, перакананы яшчэ адзін жыхар Вішова. На думку суразмоўцы, гвалту сталіншчыны ў Беларусі паўтарыцца не можа: "Усе ўжо навучаныя там лёсам", — перакананы ён.
Вясковая моладзь пытанне пра часы сталінскага тэрору ўспрымала як правакацыю. Некаторыя прызнаваліся, што не ведаюць пра іх нічога. Нешта, казалі маладыя жыхары Вішова, памятаем са школьнай праграмы, але згадваць, што канкрэтна, адмаўляліся. На пытанне, ці былі ў музеі і ці бачылі там экспазіцыю, прысвечаную сталінскаму тэрору, рэагавалі каротка: "Сходзім, паглядзім".
Музей адкрылі крыху больш за тыдзень таму. Паводле Атрошчанкі, ён адразу стаў папулярным у вяскоўцаў. Яго наведваюць не толькі тыя, хто застаўся жыць у вёсках, але і іхныя родзічы, якія выехалі ў іншыя мясціны. У музеі разлічваюць, што экспазіцыя будзе папаўняцца і дакументамі, якія перадаюць вяскоўцы. Гэты працэс, кажа супрацоўніца музея, ужо распачаўся. Багата фотаздымкаў пакуль застаюцца без тлумачальных надпісаў, бо няма звестак пра людзей, якія на іх.
БелаПАН, 21 ліпеня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/800/26743
Текущая дата: 16.11.2024