Белорусский портал в Казахстане

Беларусь выплаціла чарговы транш на $169 млн па крэдыце стэнд-бай МВФ



Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве фінансаў.

Беларусь 30 чэрвеня і 1 ліпеня ў мэтах выканання сваіх абавязацельстваў па крэдыце стэнд-бай Міжнароднага валютнага фонду ажыццявіла чарговае пагашэнне асноўнага доўгу на агульную суму 109,5 млн СДР, што эквівалентна $169 млн.

Папярэдняе пагашэнне адбылося 20 чэрвеня, калі Беларусь выплаціла 54,7 млн СДР, што эквівалентна $84,3 млн.

Беларусь рэалізавала праграму стэнд-бай, падтрыманую крэдытам МВФ на $3,5 млрд, са студзеня 2009 года па красавік 2010-га. Гэта дало магчымасць краіне забяспечыць дадатную дынаміку па шэрагу пазіцый у эканоміцы і грашова-крэдытнай сферы. З 1992 па 2008 год Беларусь двойчы выкарыстоўвала фінансавыя рэсурсы МВФ: па лініі фонду сістэмных трансфармацый - $217,2 млн і па механізме стэнд-бай - $77,4 млн. У лютым 2005 года Беларусь поўнасцю пагасіла названыя крэдыты МВФ.

Дзейнасць МВФ у Беларусі накіравана на супрацоўніцтва з урадам і Нацыянальным банкам пры падрыхтоўцы праграм эканамічнай палітыкі з акцэнтам на падаткова-бюджэтную і грашова-крэдытную палітыку, абменны курс і гандлёвую палітыку з мэтай дасягнення значнага эканамічнага росту, нізкай інфляцыі і ўстойлівасці плацежнага балансу.

Міжнародны валютны фонд - спецыялізаваная ўстанова ААН са штаб-кватэрай у Вашынгтоне (ЗША). Афіцыйная дата стварэння МВФ - 27 снежня 1945 года. Беларусь з`яўляецца членам МВФ з 1992 года, яе квота на пачатак 2013 складала 386,4 млн СДР ($542,1 млн).

1 ліпеня 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/802/26509
Текущая дата: 16.11.2024