Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі стартавала новае даследаванне аб прыцягненні людзей з інваліднасцю ў розныя сферы жыцця, якое будзе заснавана на асабістых гісторыях



Як паведамляе Офіс па правах людзей з інваліднасцю, крыніцай інфармацыі для даследавання можа стаць любы чалавек: як той, хто жыве з інваліднасцю, так і той, хто назірае з боку за жыццём сваіх знаёмых, якія маюць асаблівыя патрэбнасці.

Для ўдзелу ў даследаванні неабходна зайсці на старонку праекта http://www.undp.by/2015 і расказаць пра свой выпадак.

Па выніках даследавання будуць вызначаны найбольш вострыя праблемы і сферы, у якіх людзі з асаблівымі патрэбнасцямі сутыкаюцца з цяжкасцямі з-за непрыстасаванасці асяроддзя. Таксама мяркуецца, што атрыманыя высновы стануць асновай для падрыхтоўкі новых праектаў і праграм, скіраваных на інклюзію людзей з інваліднасцю ў розныя сферы жыцця, і лягуць у аснову глабальнага парадку развіцця на перыяд пасля 2015 года.

Ініцыятарам праекта стала Праграма развіцця ААН у Беларусі. Паводле меркавання каардынатара праектаў ПРААН Вячаслава Шалягейкі, даследаванне дазволіць усім неабыякавым "зрабіць свой уклад у планаванне і рэалізацыю праграм па стварэнні роўных умоў для жыцця ў грамадстве для людзей з інваліднасцю".

"Мы разлічваем, што даследаванне пакажа нам аб`ектыўную карціну, бо пасля гісторыі кожны аўтар дае яшчэ і яе ацэнку, адказваючы на прапанаваныя пытанні, — адзначыла дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Эніра Браніцкая. — Новая цікавая "жывая" форма даследавання дае магчымасць кожнаму расказаць пра свой выпадак, а такіх, паверце, даволі шмат. Штодня ў грамадскую прыёмную нашай арганізацыі тэлефануюць дзясяткі людзей, у кожнага з іх — свая гісторыя".

Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 15 ліпеня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/802/26610
Текущая дата: 16.11.2024