Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі завершана праграма мадэрнізацыі домабудаўнічых камбінатаў (ДБК)



Аб гэтым заявіў 30 чэрвеня журналістам прэм`ер-міністр Міхаіл Мясніковіч у час наведвання ААТ "Барысаўжылбуд".

"Сёння, знаходзячыся тут, у ААТ "Барысаўжылбуд", мы ставім нейкі фінішны акорд у мадэрнізацыі ўсіх домабудаўнічых камбінатаў, якія былі прадугледжаны адпаведнай праграмай, - сказаў кіраўнік урада. - У цэлым у 16 прадпрыемстваў укладзена каля $350 млн. Гэта даволі значная інвестыцыя. Калі ж браць разам з прамысловасцю будаўнічых матэрыялаў, то ў бягучай пяцігодцы ў будіндустрыю і прамысловасць будматэрыялаў укладзена каля $1,5 млрд."

Паводле слоў прэм`ера, застаецца пытанне мадэрнізацыі толькі аднаго аб`екта, аднак яно будзе вырашацца ўжо асобна. "Раней планавалася мадэрнізацыя аднаго з бабруйскіх домабудаўнічых камбінатаў, але мы прынялі рашэнне, што будзем прыцягваць інвестара і гэта абсталяванне перадаваць на Магілёўскі домабудаўнічы камбінат, - растлумачыў Міхаіл Мясніковіч. - Такім чынам, праграма мадэрнізацыі ДБК лічыцца завершанай, і цяпер трэба з належнай эканамічнай аддачай забяспечыць асваенне магутнасцей на высокім узроўні".

Што датычыцца ААТ "Барысаўжылбуд", на якім пабываў прэм`ер-міністр, то яго мадэрнізацыя пачыналася ў адпаведнасці з дзяржаўнай комплекснай праграмай развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы будаўнічай галіны на 2006-2010 гады. Затым інвестпраект "Рэканструкцыя прамысловай вытворчасці завода БПД ААТ "Барысаўжылбуд" горада Барысаў з будаўніцтвам міні-ЦЭЦ" рэалізоўваўся ўжо па дзяржпраграме інавацыйнага развіцця рэспублікі на 2011-2015 гады.

Сёння з удзелам кіраўніка ўрада ў ААТ адбыўся ўрачысты пуск фармовачнай лініі. Работы ж па рэканструкцыі дапаможных будынкаў плануецца завяршыць у снежні гэтага года.

У гутарцы з журналістамі дырэктар ААТ "Барысаўжылбуд" Андрэй Карась расказаў, што першы дом прадпрыемства плануе пабудаваць у Жодзіне. "Дом з двума пад`ездамі на 72 кватэры. Пляцоўка ўжо выдзелена, мы займаемся падрыхтоўкай катлавана. Плануем на працягу 10 каляндарных дзён зманціраваць фундаменты і пачаць мантаж цокальнага паверха", - расказаў ён. У далейшым ААТ будзе ўзводзіць дамы ў такіх гарадах, як Жодзіна, Крупкі, Смалявічы. Выйсці на поўную магутнасць (200 тыс.кв.м жылля ў год) прадпрыемства плануе на працягу бліжэйшых трох гадоў.

30 чэрвеня 2014, Барысаў
Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/803/26499
Текущая дата: 16.11.2024