Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі прыпыняецца будаўніцтва спартыўных і культурных аб`ектаў, упор будзе рабіцца на вытворчасць і валютаакупныя праекты



Аб гэтым заявіў 19 чэрвеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час размовы з працоўным калектывам ААТ "Беларуськалій" і прадстаўнікамі рэгіянальных СМІ.

Кіраўнік дзяржавы прызнаў, што ў краіне перабралі меру з будаўніцтвам сацыяльных аб`ектаў. "Мы навучыліся рабіць гэта танна. Але мы іх столькі маем сёння, колькі не можам задзейнічаць, а галоўнае - яны не даюць нам той аддачы, на якую мы разлічвалі", - сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што неабходна задзейнічаць гэтыя аб`екты настолькі, каб яны прынеслі належную аддачу.

"Давайце спынімся з сацыяльнымі аб`ектамі і звернем увагу больш на вытворчасць, на тое, што прыносіць грошы. Трэба ўкладваць больш у вытворчасць і валютаакупныя праекты", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

У час размовы было закранута пытанне замацавання моладзі ў рэгіёнах. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што з прыняццем дзяржпраграмы адраджэння вёскі было заяўлена, што разам з вытворчай сферай будзе развівацца і сацыяльная. Ён звярнуў увагу, што шмат сродкаў было інвесціравана ў стварэнне аграгарадкоў, многае зроблена ў рэгіёнах, каб аблягчыць працу людзей, зрабіўшы яе больш тэхналагічнай. "Збалавана крыху наша моладзь. Сапраўды, імкнецца ў горад, і вёска быццам бы не задавольвае. Але раней было горш. Цяпер стала крыху лепш", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што ў Мінску змяншаюцца аб`ёмы будаўніцтва жылля, будаўнічыя арганізацыі дзяржава арыентуе на ўзвядзенне там, дзе патрэбна рабочая сіла. "Нам трэба разгрупаваць па ўсёй краіне працоўныя рэсурсы, бо мы збяром у Мінску ўсіх людзей, а ў рэгіёнах нікога не застанецца", - сказаў Прэзідэнт.

"Усе ў нас прывыклі, і ў гэтым мая вялікая віна, што дзяржава дасць грошы і ўсе пабудуюць жыллё, кватэры і г.д.", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што ў краіне будуць старацца рабіць так, каб насельніцтва інвесціравала свае сродкі ў будаўніцтва жылля, а дзяржаўная падтрымка будзе аказвацца толькі маламаёмным грамадзянам, і перш за ўсё сем`ям з трыма і больш дзецьмі, а таксама ваеннаслужачым, дзяржслужачым.

"Таму памалу мы будзем ісці ад вялікіх гарадоў у рэгіёны", - падвёў вынік Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што некаторыя сельгаспрадпрыемствы да гэтага часу не зразумелі, што трэба працаваць і напружвацца. Акрамя таго, Прэзідэнт адзначыў, што па заходніх мерках у Беларусі ў вёсцы празмерна рабочай сілы, на некаторых сельгаспрадпрыемствах, дзе высокі тэхналагічны ўзровень, існуе праблема беспрацоўя, асабліва сярод жанчын. У той жа час на некаторых прадпрыемствах не хапае спецыялістаў, асабліва ў пікавыя часы - пасяўной, уборачнай кампаній. На думку Прэзідэнта, гэта вырашальныя праблемы.

19 чэрвеня 2014, Салігорскі раён
Таццяна Паляжай - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/805/26321
Текущая дата: 16.11.2024