Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі аб`яўлены адкрыты конкурс кінапраектаў



У Беларусі аб`яўлены адкрыты рэспубліканскі конкурс кінапраектаў на вытворчасць фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў.

Як паведамляе сайт Мінкульта, удзельнікамі конкурсу могуць быць арганізацыі кінематаграфіі Беларусі. Конкурс на лепшы сцэнарый аб`яўлены для дзвюх катэгорый фільмаў — ігравыя і анімацыйныя.

"Літаратурны сцэнарый ігравых фільмаў павінен адлюстроўваць падзеі, звязаныя з гісторыяй станаўлення дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся за апошнія 20 гадоў на яе тэрыторыі, — паведамляе Мінкульт. — Фінансаванне вытворчасці ігравога фільма ажыццяўляецца са сродкаў рэспубліканскага бюджэту да 70% ад кошту фільма. Арыенціровачная сума сродкаў рэспубліканскага бюджэту на стварэнне ігравога фільма складае 10 млрд. бел. рублёў".

Што да анімацыйных фільмаў, то лепшы літаратурны сцэнарый для гэтай катэгорыі павінен адлюстроўваць "падзеі, звязаныя з біяграфіяй вялікіх людзей мастацтва, гісторыяй іх жыцця і творчасці". "Фінансаванне вытворчасці анімацыйнага фільма ажыццяўляецца са сродкаў рэспубліканскага бюджэту да 100% ад кошту фільма. Арыенціровачная сума сродкаў рэспубліканскага бюджэту на стварэнне анімацыйнага фільма складае 1 млрд. бел. рублёў", — паведамляе міністэрства.

Прыём заявак на ўдзел у конкурсе кінапраектаў праводзіцца з 1 па 27 красавіка. Разгляд заявак і падвядзенне вынікаў конкурсу будзе праходзіць з 28 красавіка па 15 мая.

На працягу дзесяці рабочых дзён пасля прыняцця рашэння па выбары кінапраектаў конкурсная камісія павінна паведаміць удзельнікам пра вынікі.

БелаПАН
Мінск, 6 красавіка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/811/25670
Текущая дата: 16.11.2024