Белорусский портал в Казахстане

Распаўсюджванне праз паштовыя скрыні ў жылых дамах Мінска і іншых гарадоў рэкламы ТАА "Алтайскі знахар" прызнанае незаконным



Міністэрства гандлю робіць захады, каб спыніць распаўсюджванне на тэрыторыі Беларусі неналежнай рэкламы ТАА "Алтайскі знахар".

Як паведамляе сайт Мінгандлю, устаноўленыя факты распаўсюджвання праз паштовыя скрыні ў жылых дамах Мінска і Магілёва неналежнай рэкламы "Здаровая сям`я", выкананай у выглядзе газетных старонак. "Названая рэклама з`яўляецца рэкламай бальзаму "Алтайскі лекар", комплексаў "Каменнае масла +7", "Сібірская лістоўніца +7" і крэму "Дабрадзея жывічны +7". Гэтая прадукцыя, паводле звестак Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, не зарэгістраваная на тэрыторыі нашай краіны ні ў якасці лекавых сродкаў, ні ў якасці вырабаў медыцынскага прызначэння", — паведамляе сайт Мінгандлю.

"Разам з тым гэтая рэклама ўтрымлівае інфармацыю пра лячэбныя ўласцівасці гэтай прадукцыі — шматлікія спасылкі на фармакатэрапеўтычныя эфекты, якія аказвае гэтая прадукцыя, а таксама на іх лячэбнае дзеянне, — адзначаецца ў паведамленні. — Таксама рэклама ўтрымлівае водгукі фізічных асоб пра вынікі прымянення імі рэкламаванай прадукцыі ў лячэнні шырокага кола захворванняў, што таксама з`яўляецца інфармацыяй аб лячэбных уласцівасцях гэтай прадукцыі".

Пры правядзенні разбору было ўстаноўлена, што рэкламадаўцам і распаўсюджвальнікам рэкламных улётак "Здаровая сям`я" з`яўляецца ТАА "Алтайскі знахар", паведамляе Мінгандлю.

Паводле ацэнкі спецыялістаў ведамства, названая арганізацыя парушае патрабаванні закона "Аб рэкламе", згодна з якім рэклама не павінна ўтрымліваць указанне на лячэбныя ўласцівасці аб`екта рэкламавання, за выключэннем рэкламы лекавых сродкаў, метадаў аказання медыцынскай дапамогі, работ і (або) паслуг, якія складаюць медыцынскую дзейнасць, а таксама вырабаў медыцынскага прызначэння і медтэхнікі.

Мінгандлю вынесла парушальніку прадпісанне аб устараненні парушэння заканадаўства аб рэкламе, а Мінгарвыканкам накіраваў у суд два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях за размяшчэнне неналежнай рэкламы на тэрыторыі Мінска і на сайце alt-znahar.by.

БелаПАН
Мінск, 6 красавіка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/811/25677
Текущая дата: 16.11.2024