Белорусский портал в Казахстане

У Мінску адкрыўся фестываль еўрапейскага кіно



З нагоды Дня Еўропы ў мінскім кінатэатры "Перамога" 10 мая адкрыўся фестываль еўрапейскага кіно.

Культурная акцыя арганізаваная прадстаўніцтвам Еўрапейскага саюза ў Беларусі і пасольствамі краін ЕС.

Як паведамляе прэс-служба прадстаўніцтва ЕС, праграма фестывалю ўключае 14 фільмаў. Уваход на ўсе паказы вольны. Квіткі можна атрымаць у касе кінатэатра ў дзень паказу за гадзіну да яго пачатку.

Фестываль распачаўся стужкай "Лапландская адысея" (Фінляндыя, Швецыя, Ісландыя).

Паказы будуць праходзіць некалькі разоў на дзень да 16 мая. У межах фестывалю будуць прадэманстраваныя наступныя фільмы: "Баторы" (Славакія), "Кукі вяртаецца" (Чэхія), "Скрадзеныя" (Вялікабрытанія), "Нявіннасць" (Чэхія), "Вежа матылёў, якія спяць" (Літва), "Ровар майго бацькі" (Польшча), "Пакаленне 1.000 еўра" (Італія), "Рукі ў паветры" (Францыя), "Філантропія" (Румынія), "Вяселле ў Бесарабіі" (Румынія, Малдова, Люксембург), "Да прыгожага" (Швецыя), "Ліла, Ліла" (Германія, Швейцарыя).

Завершыцца фестываль паказам стужкі Сяргея Лазніцы "У тумане" (Беларусь, Германія, Латвія, Расія, Нідэрланды), знятай паводле матываў аповесці Васіля Быкава.

У межах фестывалю ў фае кінатэатра "Перамога" будзе працаваць фотавыстава "Жыццё валанцёра". Гэта праект Паўла Данека, які прыехаў з Чэхіі і працуе ў Мінску ў якасці валанцёра Еўрапейскай валанцёрскай службы ў беларускім маладзёжным аб`яднанні "Новыя твары". Фотаздымкі зрабілі валанцёры з розных краін і даслалі паводле просьбы Паўла спецыяльна для гэтай выставы.

БелаПАН
Мінск, 10 мая 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/816/21074
Текущая дата: 20.05.2024